Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі ахвяр украінскага галадамору


Валер Каліноўскі, Менск Украінская амбасада ў Менску наладзіла вечарыну памяці ахвяр галадамору 1932–33 гадоў, калі ад штучна выкліканага савецкімі ўладамі голаду ва Ўкраіне загінулі мільёны чалавек. Акцыя памяці была прымеркаваная да прыняцьця ўкраінскім парлямэнтам закону, які вызначае тыя падзеі як генацыд украінскага народу і забараняе публічнае іх адмаўленьне.

Украіна перажыла тры галадаморы: у 1921–23, 1932–33, 1946–47 гадах. Самы страшны быў другі, выкліканы сталінскай калектывізацыяй. Тады памерла, паводле розных ацэнак, ад 7 да 10 мільёнаў чалавек. У часы СССР інфармацыя пра гэта была сакрэтнай. Гаворыць першы сакратар украінскай амбасады Станіслаў Удавенка:

(Удавенка: ) “Як раз найбольш людзей загінула ў самых чарназёмных абласьцях Украіны: Кіеў, Чаркасы, Палтава і Харкаўская вобласьць”.

Сям’я гісторыка Ўладзімера Гуленкі, які родам з Кіеўскай вобласьці, таксама пацярпела ад голаду ў 1932–33 гадах – тады памерлі чатыры ягоныя цёткі:

(Гуленка: ) “Гэта жах, калі прыходзілі са стрэльбай ды штык-нажом і ў апухлых ад голаду дзяцей забіралі апошнія паўкіляграма фасолі, яблык, сьлівы… Былі такія пляны нарыхтовак, што кожны дзень на кожным падворку былі ператрусы”.

У Беларусі тады таксама жылі незаможна, але такога штучнага голаду не было, кажа спадар Гуленка:

(Гуленка: ) “У Беларусь хлынулі сотні тысяч украінцаў. Вялікі паклон простым людзям Беларусі, якія добраахвотна далі ім хлеб, дах над галавой, працу і магчымасьць выжыць”.

Гісторык Уладзімер Гуленка перакананы, што тады адбыўся сапраўдны генацыд украінскага народу. Ва Ўкраіне цяпер гэта прызнана на дзяржаўным узроўні. Галадамор 1932–33 гадоў прызналі генацыдам яшчэ 10 парлямэнтаў краін сьвету, у многіх дзяржавах стаяць помнікі ахвярам той трагедыі. Беларусь у гэты лік ня трапіла. Чаму? Разважае менскі літаратар Васіль Жуковіч:

(Жуковіч: ) “Спадчына таталітарызму, які даў такія карані і крону, што яна як бы прыкрывае ўсё, каб ціха”.

Кангрэс ЗША нядаўна ўхваліў рашэньне аб выдзяленьні зямельнага ўчастку ў Вашынгтоне для ўстаноўкі новага мэмарыялу ахвярам галадамору. Васіль Жуковіч мяркуе, што такі ж мэмарыяльны знак мае быць і ў Беларусі:

(Жуковіч: ) “А што такое мы, якая мы нацыя? Мы ж суседзі, мы братні народ, што нам і афіцыйна заяўляюць. А дзе ж нашая салідарнасьць, дзе ж наша разуменьне, наш гуманізм? Мяне гэта страшна хвалюе”.

Васіль Жуковіч асабіста сутыкаўся з ахвярамі галадамору 1946– 47 гадоў, калі на ягоны хутар у Камянецкім раёне прыходзілі галодныя сяляне з Валыні.

На здымку: Васіль Жуковіч на вечарыне памяці ахвяраў галадамору.

XS
SM
MD
LG