Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меншчына: "за" і "супраць" Кангрэсу дэмсілаў


Міхал Стэльмак, Менск У рэгіёнах Беларусі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, прафсаюзаў працягваюць выказвацца наконт Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які заплянаваны на пачатак наступнага году. Што гавораць сёньня пра ідэю Кангрэсу сябры дэмакратычнай кааліцыі на Меншчыне?

Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўхваляюць ідэю Кангрэсу. Гаворыць лідэр Вілейскай раённай арганізацыі АГП Уладзімер Малярчук:

(Малярчук: ) “Стаўленьне да кангрэсу ў мяне станоўчае. Я вось цяпер зьбіраю подпісы пад гэта. Ужо сабрана недзе 280 подпісаў. Я нядаўна запаўняў анкету “Ці патрэбен Кангрэс?”. Я падкрэсьліў там усе практычныя пытаньні, акрамя аднаго, які тычыцца абраньня лідэра. Я не падкрэсьліў таму, што лідэра не трэба выбіраць, а трэба працаваць”.

У суседнім Мядзельскім раёне зьбірае подпісы, каб стаць дэлегатам Кангрэсу, лідэр раённай арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Вінаградаў. Аднак у яго іншае стаўленьне да ідэі форуму:

(Вінаградаў: ) “Ну што мы там будзем абмяркоўваць? Ёсьць у нас напрацоўкі, добрыя напрацоўкі… Наконт Мілінкевіча. У нас народ яго ведае. І нядрэнна ведае. А раптам мы памяняем гэтага лідэра? Як тады будзе? Што народ скажа? Скажа, што гэтая апазыцыя гуляе ў нейкую бязглузьдзіцу. Трэба было далей гэтую працу працягваць, людзям даносіць інфармацыю, трэба было далей раскручваць гэтага кандыдата. Я лічу, што мы не даможамся нічога на гэтым Кангрэсе. Губляем толькі час, марнуем. Зьбяромся ды й толькі патрацім грошы…”

У Барысаве ў асяродзьдзі актывістаў таксама няма адзінства наконт ідэі Кангрэсу. Тлумачыць лідэр тутэйшай суполкі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Мікалай Пахабаў:

(Пахабаў: ) “У мяне дваякае да Кангрэсу стаўленьне. Пасьля таго, як скончылася прэзыдэнцкая кампанія быў лідэр, у якога быў высокі рэйтынг. Я гэта і Лябедзьку казаў, што для мяне вельмі важна, каб апазыцыя аб’ядналася вакол канкрэтнай асобы”.

У Жодзіне большасьць мясцовых дэмакратаў байкатуе ідэю Кангрэсу. Моладзевы актывіст Павал Красоўскі:

(Красоўскі: ) “Падаецца, што гэта далейшае разьяднаньне дэмакратычных сілаў. Калі мы абралі лідэра, то з гэтым, які б ён не быў, трэба ісьці да апошняга. Нейкія спробы правесьці новы Кангрэс, абраць новых лідэраў дэмакратычных сіл, каб у нас зьвілася два лідэры, потым зноў тры, гэта вяртаньне назад. Сам я подпісы на Кангрэс не зьбіраю. І калі мінулы раз з Жодзіна на Кангрэсе было прадстаўлена восем чалавек, то цяпер на гэтым Кангрэсе будзе прысутнічаць толькі адзін чалавек”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG