Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі дэлегатаў будзе на Кангрэсе дэмсілаў?


Алесь Дашчынскі, Менск Завяршылася вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. А разам з гэтым скончыўся і чарговы этап вылучэньня дэлегатаў на другі Кангрэс аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Цягам тыдня Цэнтральная наглядальная камісія ў правядзеньні Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў мяркуе падсумаваць першыя вынікі вылучэньня дэлегатаў. Паводле старшыні гэтай камісіі Ўладзімера Лабковіча, неўзабаве ў абласьцях прыступяць да праверкі подпісаў і затым да рэгістрацыі дэлегатаў. Паводле прыблізных падлікаў партыі могуць мець каля 500 дэлегатаў на кангрэс.

(Лабковіч: ) “Дэлегатамі кангрэсу будуць тыя асобы, якія сабралі больш за 300 подпісаў па адной з трох намінацыяў. Гэта подпісы за кандыдатаў у дэпутаты, што самае зразумелае і простае. Потым гэта подпісы, якіх, я думаю, будзе ня шмат, за вылучэньне ў склад участковых і тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. І гэта подпісы пад плятформай аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Калі нехта з кандыдатаў не сабраў па адной з намінацыяў 300 подпісаў, то яны могуць суміравацца зь іншымі кандыдатамі. Скажам, ад любых 300 подпісаў будзе вылучацца дэлегат кангрэсу”.

Аднак мае размовы з прадстаўнікамі партый паказалі, што названая лічба ў 500 дэлегатаў дастаткова ўмоўная. Паводле актывіста АГП Сяргея Альфера, на кангрэс будзе вылучана каля 200 партыйцаў ці прыхільнікаў партыі.

(Альфер: ) “Ня ўсе нашы прэтэндэнты назьбіралі пад кангрэс неабходную колькасьць – 300 подпісаў. І таму будзе пэўная колькасьць людзей дабіраць подпісы пад пасланьнем альбо будзе аб’ядноўвацца з іншымі прэтэндэнтамі”.

Паводле спадара Альфера, усе сябры АГП, якія пайшлі кандыдатамі ў дэпутаты мусяць удзельнічаць у кангрэсе.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч мяркуе, што ад ягонай партыі на кангрэс можа быць вылучана каля 140 дэлегатаў. Ён таксама сказаў, што сабраць 300 подпісаў на гэтым этапе было складана і ня ўсе кандыдаты ў кандыдаты набралі тут неабходную колькасьць.

Паводле старшыні ПКБ Сяргея Калякіна, вылучэньне дэлегатаў на кангрэс працягнецца да 14 студзеня. Менавіта да дня выбараў партыйцы мяркуюць зьбіраць яшчэ подпісы пад плятформай аб’яднаных дэмсілаў. Спадар Калякін мяркуе, што ПКБ можа атрымаць каля 300 дэлегатаў на кангрэс.

(Калякін: ) “У цэлым добра ідзе вылучэньне, сабралі неабходную колькасьць галасоў бальшыня груп. Мы не падлічвалі тую колькасьць, якая можа на кангрэсе…Усё наперадзе. Некаторыя партыі яшчэ наагул ніводнага чалавека не вылучалі”.

Спадар Калякін не выключае, што некаторыя актывісты апазыцыі, якія падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты, могуць не пайсьці на кангрэс.

Паводле выканаўцы абавязкаў старшыні БСДП (Грамада) Анатоля Ляўковіча, па выніках гэтага этапу кампаніі партыя можа вылучыць каля ста дэлегатаў на кангрэс. Партыйныя структуры яшчэ працягнуць вылучаць дэлегатаў праз збор подпісаў пад плятформай дэмсілаў.
XS
SM
MD
LG