Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 4 сьнежня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

У суполцы Жывога журнала by_politics зьявіліся спасылкі на відэафільм Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”. Відэафайлы выклалі ў сеткавы архіў radipshare.com. Нехта belbaraxolka зьмяшчае ў суполцы кароткую анатацыю на фільм. “Тое, што адбываецца ў краіне са зьнікненьнем людзей, можна назваць вар’яцтвам. Бо людзі нібыта распушчаюцца ў невядомым кірунку. Як міраж, як туман, як вясёлка. Быў чалавек – і няма яго. І ніякіх сьлядоў. А прадстаўнікі ўлады кожны раз гавораць нам пра тое, што зьнікаюць тысячы людзей, што некаторых знаходзяць, што ня трэба ўздымаць шум празь зьнікненьне Захаранкі, Ганчара, Красоўскага…”

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну: у пляшцы рэчыцкага піва, якую нядаўна набыў жыхар вёскі Краўцоўка Гомельскага раёну, усё ж была ртуць. Вось рэакцыя ўдзельнікаў:

“Другі год як катэгарычна не ўжываю мясцовае “Нібыта піва”, чаго і ўсім астатнім зычу. Клапаціцеся пра сваё здароўе, грамадзяне”.

“Шукаць трэба сярод нядаўна звольненых альбо тых, хто атрымаў спагнаньне на піўзаводзе… можна меркаваць, што нехта “паліў усе масты”.

“Папросту разьбіўся тэрмомэтар у тэхнічным посудзе на заводзе”.

На сайце Аляксандра Казулінанаведнікі пакідаюць камэнтары: “Не, ніяк нельга страціць Аляксандра Казуліна! Аляксандар Уладзіслававіч, Вы павінны выжыць і Вы патрэбны Беларусі жывым! Спыніце, калі ласка, галадоўку! Вы ўсё ўжо даказалі, Вы даказалі, што Вы – змагар не на словах, а на справе”.

А на сайце Гарадзенскі блог жыхары Горадні зноў зьвяртаюцца да гісторыі міліцыянта-маньяка, які забіў 12 чалавек. “Ён у тым, што вырас такім вырадкам, не вінаваты…", – піша нехта Redhotdog. – "Вінаваты ягоны беспасярэдні начальнік, штатны псыхоляг іхнага падразьдзяленьня, лекары, якія ставілі яму дыягназ “практычна здаровы” на кожнай пройдзенай мэдкамісіі… Але ёсьць адно простае пытаньне: ці можа нармальны чалавек учыняць такое і спакойна жыць з такім? Спаць, есьці, хадзіць на працу, размаўляць, усьміхацца? Колькі яшчэ такіх ці амаль такіх зусім спакойна носяць зброю, выкарыстоўваюць “спэцсродкі”, засьцерагаюцца быць выкрытымі ў больш ці менш брыдкіх учынках. Мы гэтага ніколі не даведаемся”.

Псыхоляг Вольга Андрэева у сваім пэрсанальным блогу распачала дыскусію пра цень беларускай нацыі. Які вобраз продкаў беларусаў, ці ёсьць у іхным калектыўным бесьсьвядомым архетып Ваяра, Героя? Адзін з удзельнікаў дыскусіі разважае:

“У афіцыйнай культуры беларусы лічацца сялянскім па сутнасьці народам. Але, напрыклад, паганцы лічаць нас нашчадкамі касты жрацоў (Беларусь яны называюць Крывіяй). Ёсьць і ваяры-героі. У афіцыйнай прапаганды – “аўганцы” і партызаны (спачатку Першай усясьветнай – дзед Талаш, затым – Другой усясьветнай). Нядаўна дадалася княгіня Анастасія Слуцкая, якая ваявала з крымскімі татарамі. У нацыянальна-андэграўнднай культуры спэктар ваяроў-герояў вельмі шырокі. Перадусім, пераможцы крыжакоў пры Грунвальдзе. Героі антыцарскіх і антысавецкіх паўстаньняў (Касьцюшка, Каліноўскі ды іншыя), пераможцы ў баталіях з Масковіяй (асабліва пры Воршы), Швэцыяй, Турцыяй”.

На форумах Беларускага віртуальнага гістарычнага клюбу ідзе дыскусія пра беларускую мову. На думку аднаго з удзельнікаў па мянушцы Dainave, для беларусаў “трасянка” – гэта спосаб нацыянальнай ідэнтыфікацыі, давядзеньня ўласнай “тутэйшасьці”. “Тутэйшасьць” – гэта спосаб барацьбы са спробамі атачэньня зрабіць зь беларуса альбо паляка, альбо расейца…",– разважае Dainave. – "… беларуская “тутэйшасьць” узьнікла менавіта як вынік унутранага супрацьстаяньня насельніцтва нацыянальна-рэлігійнай палітыцы кіруючых колаў Расейскай імпэрыі й прапольскага каталіцкага кліра ў XIX – пачатку ХХ стагодзьдзя, калі фактычна адбылося значнае зьліцьцё рэлігійнай ды этнічнай самасьвядомасьці насельніцтва. Паняцьці “праваслаўны – гэта расеец”, а “каталік – гэта паляк ці літовец” сталі амаль сынонімамі, у той час як з ужытку выціскаліся паняцьці “літвін”, “беларус”. Пэўна, менавіта ў тыя далёкія часы ўзьнікла асобнае паняцьце “тутэйшы”. Гэта быў своеасаблівы адказ-пратэст простага чалавека на пераменлівасьці і нестабільнасьць палітыкі дзяржавы, якая арыентавалася то на Захад, то на Ўсход”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG