Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гарадзенцы думаюць пра цяперашнюю моладзь?


Міхал Карневіч, Горадня Што вы думаеце пра сучасную беларускую моладзь? З такім пытаньнем на вуліцах Горадні да мінакоў зьвяртаўся наш карэспандэнт.

(Спадарыня: ) “Нельга казаць пра ўсіх аднолькава, але ёсьць такія выдатныя маладыя людзі, што думаеш — малайцы. Яны працуюць, вучацца, да нечага імкнуцца, шукаюць нешта новае, карыснае”.

(Спадарыня: ) “Распуста, як на мой погляд. І, здаецца, што гэта ўжо ні ў якія рамкі ня месьціцца. Мы паважалі, верылі, а цяпер моладзь ні ў што ня верыць, нікога не паважае — самыя па сабе”.

(Спадарыня: ) “Мы не былі такія. Цяпер моладзь хоча ўсяго адразу. Вядома, яны пачуваюцца больш вольнымі, але жыць ім, здаецца, цяжэй. І цяжэй таму, што ім патрэбна шмат, а рабіць яны ня хочуць”.

(Спадарыня: ) “Усякіх шмат — і цяпер, і раней было. Але мы былі больш сьціплыя. На маю думку, у гэтым вінаваты ўрад, бо як могуць на сцэну па тэлебачаньні выходзіць зусім аголеныя — гэта невядома што. Нас тады й мужчыны больш кахалі, бо нават каленкі нашай ня бачылі. А цяпер яе ўсю відаць — як зь ёю класьціся спаць, калі ўжо ўсяго наглядзеўся...”

(Спадар: ) “У 1960-я гады я быў на будоўлі Брацкай ГЭС, працаваў на алюмініевым заводзе, а цяпер іх не прымусіш нікуды ехаць, хіба пад руляй аўтамата”.

(Спадарыня: ) “Хоць нам у маладосьці забаранялі хадзіць да царквы, але мы былі больш культурныя, чым цяперашняя моладзь. Цяпер моладзь нейкая ня вельмі чулая — грубыя, бездушэўныя, бескультурныя. Працаваць ня хочуць, адно каб смачна есьці, хораша адзявацца й спаць”.

(Спадарыня: ) “А Бог яго ведае. Мы ў свой час не пілі, не курылі. А цяпер паглядзіш — маладыя ідуць па горадзе з пляшкай піва, нікога не саромеюцца. У нас такога не было”.

(Спадар: ) “Цяжка моладзі, вельмі цяжка. Цяжка ўладкавацца на працу па спэцыяльнасьці, а прапаноўваюць прыбіраць вуліцы. Вядома, маладым крыўдна. Я ім усё прабачаю, адзінае, каб яны не выстаўлялі напаказ свае непрыкрытыя месцы, хлопцы й так разгледзяць”.
XS
SM
MD
LG