Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаргінец: сродкі на ахову мяжы з ЭЗ – на кампэнсацыю страты прэфэрэнцый


Радыё Свабода Беларусь можа аслабіць ахову межаў з Эўразьвязам ў выпадку адмены для Беларусі гандлёвых прэфэрэнцый. Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец. “Эўропа хваліць нас за добрыя межы, дык, можа, нам варта частку сродкаў забраць з тых, што ідуць на памежную бясьпеку, і накіраваць на кампэнсацыю стратаў ад адмены прэфэрэнцый”, заявіў Мікалай Чаргінец.

Паводле яго, адмена гандлёвых прэфэрэнцый закране каля 44 працэнты беларускага экспарту. Большасьць беларускіх экспарцёраў зьяўляюцца горада- і бюджэтастваральнымі прадпрыемствамі, якія ня змогуць плаціць падаткі ў выпадку адмены прэфэрэнцыяў, кажа Мікалай Чаргінец.

Сёлета ў жніўні Эўрапейская камісія запатрабавала ад ураду Беларусі цягам 6 месяцаў узяць на сябе абавязацельства й цягам 8 месяцаў выканаць 12 рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі працы наконт забесьпячэньня правоў незалежных прафсаюзаў. У адваротным выпадку Эўразьвяз выведзе Беларусь са сваёй Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый у гандлі.

Парушэньні правоў беларускіх прафсаюзаў ужо спрычыніліся да рашэньня аб скасаваньні гандлёвых прэфэрэнцый для Беларусі з боку ЗША. Аднак, калі пастаўкі беларускіх тавараў у ЗША нязначныя, то экспарт у краіны Эўразьвязу складае больш як палову ад беларускага экспарту па-за краінамі СНД.

Беларусь атрымала гандлёвыя прэфэрэнцыі Эўразьвязу яшчэ на пачатку незалежнасьці й эканамічных рэформаў 1990-х гадоў і карыстаецца льготамі пры продажы ў краіны Эўразьвязу многіх таварных групаў.
XS
SM
MD
LG