Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнікі дэмакратычных партыяў — пра магчымы байкот выбараў


Радыё Свабода Сёньня ў Беларусі завяршыўся этап вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Усе прэтэндэнты мусяць здаць дакумэнты ў выбарчыя камісіі на праверку. Цэнтравыбаркам абяцае паведаміць вынікі заўтра. А сёньня актуальнай тэмай стаў магчымы байкот выбараў дэмакратычнымі партыямі.

Сёньня Анатоль Ляўковіч, які выконвае абавязкі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паведаміў Радыё Свабода, што вылучэнцы “Грамады”, магчыма, будуць байкатаваць мясцовыя выбары. Яшчэ месяц таму на партыйным пленуме разглядалі тактыку ўдзелу ў выбарах — і ўжо тады прагучалі прапановы байкатаваць іх. “Цяпер рашэньне практычна сасьпела”, — паведамляе Анатоль Ляўковіч.

(Ляўковіч: ) “У сувязі з тым, што Лукашэнка заявіў, што мінулыя прэзыдэнцкія выбары былі сфальшаваныя, мы таксама прынялі рашэньне ня ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. Але яшчэ правядзем кансультацыі зь іншымі партыямі”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін тлумачыць мэханізм байкоту выбараў, пра што заявіў пазачарговы зьезд партыі напярэдадні:

(Калякін: ) “Больш за дзьвесьце сябраў нашай партыі вылучаліся шляхам збору подпісаў. Яны ўсе сабралі неабходную колькасьць подпісаў — трыста і больш. Сёньня яны здадуць у камісіі гэтыя подпісы. Аднак далей, не чакаючы рашэньня камісіі наконт рэгістрацыі, здымуць свае кандыдатуры”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка ўдакладняе, што сёньня 132 вылучэнцы партыі здаюць дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты. Гэты этап лідэр БНФ лічыць прынцыповым:

(Вячорка: ) “Мы выкарыстоўвалі і будзем выкарыстоўваць усе легальныя магчымасьці масавага камунікаваньня з нашымі людзьмі — зь беларускім народам. Выкарыстаем — прымем наступнае рашэньне”.

Пра гатовасьць абмяркоўваць байкот выбараў з дэмакратычнымі партыямі гаворыць і старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Аднак суразмоўца вызначае наступную акалічнасьць:

(Лябедзька: ) “Для нас няма выбараў. Для нас ёсьць палітычная кампанія “Мясцовыя выбары”. Яе сэнс — прыйсьці ў як мага большую колькасьць кватэраў і як мага большай колькасьці людзей перадаць інфармацыю. Мы не выключаем, што можам паставіць пытаньне пра зьняцьцё нашых кандыдатаў, але мы можам гэта зрабіць толькі пад канец палітычнай кампаніі “Мясцовыя выбары”.

Для вядучага: Як удакладнілі сёньня ў Цэнтравыбаркаме, падпісныя аркушы, дэклярацыі ды іншыя дакумэнты ў прэтэндэнтаў на дэпутацкія паўнамоцтвы будуць прымаць да 19 гадзінаў. Сама працэдура рэгістрацыі кандыдатаў адбудзецца з 5 да 14 сьнежня. Першыя вынікі Цэнтравыбаркам абяцае абвясьціць заўтра ў другой палове дня.
XS
SM
MD
LG