Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзьвюх гарадзенскіх галадоўніц здарыўся гіпэртанічны крыз


Сяргей Астраўцоў, Горадня На чацьверты дзень галадоўкі вернікаў гарадзенскай парафіі Маці Божай Вострабрамскай у дзьвюх верніц здарыўся гіпэртанічны крыз. У капліцу прыяжджала хуткая дапамога.

Пасьля 11 гадзінаў сёньня ксёндз Аляксандар Шэмет наведаў управу аховы здароўя гарвыканкаму, ён заявіў, што сытуацыя досыць крытычная, галадаюць людзі сталага веку, і ім патрэбны мэдычны догляд. Пры гэтым ён прадставіў подпісы верніц аб тым, што яны ўдзельнічаюць у акцыі пратэсту дабраахвотна. Ва ўправе аховы здароўя сказалі, што ідзе нарада і адказ ксяндзу наконт мэдычнага догляду дадуць праз чатыры гадзіны.

Уначы адна з галадоўніц — Тэрэса Мілашэўская, 1938 году нараджэньня, пачулася дрэнна, і дачка забрала яе дахаты. Яны выклікалі хуткую дапамогу, і Тэрэса Мілішэўская больш ня будзе працягваць галадоўку. Тым часам у капліцу прыяжджала хуткая дапамога да Ірэны Гілюк, 1935 году нараджэньня, якой зьмералі ціск, зрабілі ўкол і далі лекі, яна засталася з галадоўнікамі.

Айцец Аляксандар Шэмет паведаміў нашаму Радыё таксама, што яны ўдакладнілі лічбу ўдзельнікаў акцыі, і разам зь ім іх учора стала 18, а без Тэрэсы Мілашэўскай цяпер — 17 чалавек.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць ад уладаў дазволу пабудаваць касьцёл на вул.Рэпіна. Набажэнствы цяпер адбываюцца ў капліцы, што уяўляе з сябе часовую дашчаную пабудову. Каб выказаць падтрымку вернікам, іх у нядзелю наведаў гарадзенскі каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч і правёў імшу.

Спробы атрымаць дазвол на будоўлю рабіліся неаднаразова цягам амаль дзесяці гадоў. Днямі парафіяне занесьлі ў гарвыканкаму чарговую заяву. Чыноўнікі адказваюць, што яна будзе разгледжаная “ва усталяваныя законам тэрміны” — на працягу месяцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG