Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Язэп Лёсік


Уладзімер Арлоў, Менск 18.11.1883, в. Мікалаеўшчына (цяпер Стаўбцоўскі раён) — 1.4.1940(?), Саратаўская турма.

Расказваюць, што аднойчы ў 1920-я на ягонай лекцыі ў БДУ, прысьвечанай асаблівасьцям беларускай мовы, нейкая студэнтка-камсамолка прыслала Язэпу Лёсіку пытаньне, чаму ён так мала ўвагі надае падабенству паміж беларускай і расейскай мовамі. Той зьняў акуляры і, бліснуўшы вачыма, са зьнішчальнай іроніяй адказаў: “Мы вывучаем не падабенствы, а саму нашу мову. Жывем жа мы ў Беларусі, а не на нейкім Марсе”.

Сучасьнікі загадваюць, што нават напярэдадні трыццатых гадоў ніхто, зьвяртаючыся да яго, не наважваўся казаць “таварыш Лёсік”. Для маладзейшых, а часам і для старэйшых ён быў “дзядзькам Лёсікам”, чалавекам магутнай волі й глыбокіх перакананьняў, які прайшоў найцяжэйшую школу змаганьня за нацыянальную справу.

Зямляк і блізкі сваяк (родны дзядзька, хоць і на год маладзейшы за пляменьніка) Якуба Коласа, ён бярэ ўлетку 1906 году ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе ў Вільні, і, ужо знаходзячыся пад перасьледам паліцыі, робіцца ініцыятарам другога, больш вядомага зьезду, што неўзабаве адбыўся ў іхняй з Коласам роднай Мікалаеўшчыне.

У Сібіры Лёсік пасябраваў зь іншым палітычным высланцам — Алесем Гаруном. Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі ў Расеі абодва вяртаюцца на Бацькаўшчыну, каб улучыцца ў змаганьне за яе незалежнасьць. Язэп становіцца адным зь лідэраў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, удзельнікам Першага Ўсебеларускага зьезду, адным з “бацькоў” Беларускай Народнай рэспублікі, і на нейкі час — старшынём Рады БНР.

У 1917-1918 гадах Лёсік рэдагаваў газэту “Вольная Беларусь”, у адным з нумароў якой пісаў: “Народ трэба навучаць, яму трэба паказаць, што пакуль не запануе ў краі яго наша родная беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны й галодны”. Праз колькі гадоў, ужо ў БССР, ён прароча сьцьвярджаў: “Для нас мова становіць усё: нашу палітыку, эканоміку, наш грамадзкі лад жыцьця”.

Выдадзеную ім у 1922-м “Практычную граматыку беларускай мовы” бальшавіцкая прэса характарызуе як “контаррэвалюцыйную прапаганду”. З-пад арышту яго вызваляе тагачасны наркам асьветы Ўсевалад Ігнатоўскі.

У пэрыяд беларусізацыі Язэп Лёсік быў у рэспубліцы самым знаным і заслужаным мовазнаўцам: выступаў з асноўнымі дакладамі на Акадэмічнай правапіснай канфэрэнцыі 1926 году, кіраваў Тэрміналягічнай камісіяй, быў абраны акадэмікам.

Калі ў 1930-м разам з “шырокім сацыялістычным наступам на ўсім фронце” пачалася расправа зь беларускім нацыянальным рухам, Лёсіка ўзялі ў ліку першых. Пасьля высылкі вярнуцца ў Беларусь яму не дазволілі, а паўторны арышт у 1938-м прывёў да суду за “антысавецкую агітацыю” і 5-гадовага лягернага тэрміну.

Ягоную жонку Ванду Лявіцкую, дачку пісьменьніка Ядвігіна Ш., аднойчы выклікалі ў НКВД і перадалі мужаву вопратку, паведаміўшы, што ён памёр ад сухотаў...

Пачуўшы пра згаданую напачатку спрэчку Лёсіка зь пільнай студэнткай, я падумаў аб тым, што праз пяцьдзесят гадоў студэнты БДУ таксама спрачаліся з выкладчыкамі. Праўда, мы ўжо спрабавалі бараніць Беларусь і пачыналі адказваць па-беларуску на заліках і экзамэнах. Імя Лёсіка было забароненае і невядомае нам, але ідэю, якой ён служыў, не ўдалося зьнішчыць, і яна няўхільна авалодвала ўсё новымі й новымі душамі.
XS
SM
MD
LG