Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Лёгкі: “Інфармацыйная вайна супраць Рэспублікі Беларусь”


Радыё Свабода, Менск Інцыдэнт з расейскімі журналістамі на менскім саміце СНД закранаўся на расейскіх і беларускіх тэлеканалах. Нагадаем, беларускія ўлады не пусьцілі на асьвятленьне саміту СНД журналістаў расейскіх газэтаў “Московский комсомолец” і “Коммерсант”. На знак салідарнасьці расейскія журналісты, якія ўваходзілі ў пул прэзыдэнта Расеі, пакінулі саміт СНД і адмовіліся яго асьвятляць.

Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі заявіў у праграме “Контуры“ на тэлеканале ОНТ, што расейскія мэдыі вядуць неаб’яўленую інфармацыйную вайну супраць Рэспублікі Беларусь. “На самой справе гэтыя выданьні толькі салдаты на полі бою. За імі стаяць бацькі-камандзіры, заказчыкі, якіх ня вельмі добра бачна, але якіх мы ведаем. Гэта і пэўная частка бізнэс-эліты. Гэта і некаторыя палітыкі, якім не падабаецца тое, што тут адбываецца. І ў якіх ёсьць свая думка адносна кіраўніцтва Беларусі. Урэшце, гэта каляпалітычныя маргіналы, якіх цікавіць толькі магчымасьць плюнуць у некага. Ня важна ў каго”, – заявіў П.Лёгкі.

Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі заявіў, што “дэмарш пачаўся толькі пасьля таго, як нейкая высокапастаўленая асоба з расейскай дэлегацыі сабрала вакол сябе журналістаў, паступілі нейкія ўстаноўкі, пра якія мы можам толькі здагадвацца. Пасьля гэтага пачалося тое, што я назаву “сумесныя дзеяньні”. Журналісты пакінулі саміт”.

Вядомы расейскі палітык Барыс Нямцоў заявіў у праграме “Народ хоча ведаць” на расейскім тэлеканале ТВЦ, што Лукашэнка, які прымаў рашэньне пра нядопуск расейскіх журналістаў на саміт, па хамску сябе павёў. “Гэта плявок у Расею. Я б ня ўдзельнічаў, як прэзыдэнт, у саміце, дзе абражаюць маіх грамадзян. Я б яму сказаў, Аляксандар Рыгоравіч, вы абразілі не мяне і ня прэсу, а абразілі ўсю нашу краіну. Калі мы хочам, каб нас паважалі, трэба змагацца за нашых грамадзян, нават калі гэта журналісты”, - заявіў Б.Нямцоў.
XS
SM
MD
LG