Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Витебский курьер”: “РНЕ хоча, каб беларускія лялькі загаварылі па-расейску”.


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных мэдыяў 4 сьнежня

“Белорусы и рынок”. У Беларусі ўводзіцца павышаная мыта на ўвоз абутку: 30% ад кошту плюс 2 эўра за пару. Такім чынам, імпартны абутак падаражэе на 35 – 40%. Начальнік аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў “Беллегпраму” Алена Андрэева тлумачыць гэта “абаронай мясцовых вытворцаў ад недабрасумленнай канкурэнцыі з боку абутковых прадпрыемстваў трэціх краінаў, якія пастаўляюць прадукцыю пад выглядам расейскай”. Яна кажа, што, як мінімум, 16,5 мільёнаў пар завезена ў краіну нелегальна.

70 маладых спэцыялістаў прыбылі сёлета ў раён па разьмеркаваньні, паведамляе “Ганцавіцкі час”. Нядаўна ўсіх іх цёпла прымалі ў райвыканкаме, падарылі блякноты, асадкі, кнігі “Памяць”. Паабяцалі прыстойныя заробкі, падтрымку і ўвагу. У СВК “Адражэньне” накіравалі маладога вэтэрынара Івана Шастака.

Распавядае ганцавіцкі журналіст Пятро Гузаеўскі.

(Гузаеўскі: ) “Ён ужо працуе зь верасьня. Абяцалі хлопцу пад’ёмныя даць, абяцалі зарплату. Але з тае пары ні тых пад’ёмных, ні той зарплаты так ён яшчэ ня бачыў. Кажа, што зарплату яшчэ за жнівень у калгасе людзі не атрымалі. “А блякнот мне спатрэбіўся, каб даўгі запісваць, у кага напазычаў. Мусіць, пайду лепш у войска”.

"Витебский курьер”. “РНЕ хоча, каб беларускія лялькі загаварылі па-расейску”. У Беларускі тэатр “Лялька” прыйшоў ліст ад незарэгістраванай арганізацыі «Русское национальное единство» з патрабаваньнем спыніць пастаноўку спэктакляў на беларускай мове. Аўтары ліста прапануюць загадчыцы літаратурнай часткі тэатра Вікторыі Дашкевіч “шчодра прафінансаваць працу па перакладу” і запрашаюць увесь творчы калектыў тэатру ўступіць у шэрагі РНЕ. У лісьце – вялікая колькасьць памылак. Напэўна, “патрыёты Расіі” ў школе мелі вельмі нізкія адзнакі па той мове, за пашырэньне сфэры ужытку якой яны так клапоцяцца.

Жабінскаўскі раённы суд арыштаваў 9 галоваў буйной рагатай жывёлы, паведамляе “Вечерний Брест”. Пэнсыянэрка разводзіла на хутары каровы. 17 кароваў харчаваліся на суседнім калгасным полі, зьнішчаючы сельскагаспадарчыя культуры. Страты, нанесеныя калгасу – 30 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, як пазначана ў судовым рашэньні, “быкі неаднаразова ламалі калгасную электраагароджу, выводзілі са строю генэратар, ставілі пад пагрозу сэлекцыю калгаснага статку”. Юрыст СВК “Вазьнясенскі” Сяргей Сапон паведаміў, што скот хутаранкі пойдзе з аўкцыёну, астатнія запазычанасьці пэнсыянэрцы даруюць і нават гуманна пакінуць адну-дзьве каровы.
XS
SM
MD
LG