Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як у Магілёве ставяцца да плянаванага будаўніцтва АЭС?


Радыё Свабода Як вы ставіцеся да плянаванага будаўніцтва Атамнай электрастанцыі ў Беларусі? На такое пытаньне адказвалі жыхары Магілёву.

(Малады мужчына: ) "Маё стаўленьне да таго, што атамную станцыю будуць будаваць у Беларусі і я чуў, што ў Магілёўскай вобласьці, усё ж такі станоўчае. Калі яна будзе пабудаваная ў Магілёўскай вобласьці, дык гэта дасьць уздым больш эканамічны Магілёўскай вобласьці".

(Малады мужчына: ) "Я думаю, што перад тым як будаваць такую сур’ёзную энэргетычную станцыю трэба спачатку ўзважыць усе “за” і “супраць”. Я асабіста на 70 адсоткаў “супраць” і 30 “за”, таму што сумняваюся ў бясьпецы гэтай атамнай электрастанцыі".

(Студэнт: ) "Лічу, што неабходна атамная электрастанцыя. Пытаньні бясьпекі толькі што. Прымаць нейкія захады давядзецца. Даволі небясьпечна будзе, тым больш чарнобыльская аварыя была. Пытаньняў бясьпекі давядзецца трымацца".

(Маладая жанчына: ) "З аднаго боку гэта рэч патрэбная, бо энэргетычныя крызысы і ўсялякія іншыя справы. З другога боку гэта злачынства, бо мы не гарантаваныя, ад таго, што здаралася ў чарнобылі. Калі б у нас “зялёныя” былі ў добрай сіле і форме, то напэўна ж яны актывізаваліся і правялі акцыі пратэсту".

(Малады мужчына: ) "Я думаю, што такая рэч як пабудова атамнай электрастанцыі мусіць весьціся пасьля шырокага абмеркаваньня ў грамадзтве на працягу двух-трох год. А калі рашэньне прымаецца аднаасобна, ці келейна, найперш няма даверу да гэтага рашэньне, па другое няма даверу да гэтага рэжыму і якасьці зь якой будзе пабудавана гэта станцыя. Мне падаецца, што гэта вельмі небясьпечная задума. Я асабіста супраць".

(Мужчына сярэдняга веку: ) "Стаўлюся да будаўніцтва атамнай станцыі адмоўна. На маё разуменьне ні ў Расеі, тым больш на Беларусі няма спэцыялістаў, якія б маглі датрымлівацца тэхналёгія, якія павінны быць пры будаўніцтве такіх вельмі складаных аб’ектаў".

(Жанчына сталага веку: ) "У нас кепская экалёгія, таму я супраць гэтай атамнай электрастанцыі".

(Сямейная пара: ) "Я не давяраю беларускім будаўнікам, я лічу, калі будаваць, дык павінны будаваць замежнікі. Тым больш як пішуць у газэтах там тэрміны зусім караценькія, а потым будуць падганяць плян да юбілею, як тое было ў савецкія часы. Што з гэтага тады атрымацца, ніякага даверу няма, абсалютна".
XS
SM
MD
LG