Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавускія ўлады спадзяюцца, што АЭС дапаможа раёну


Ігар Карней, Менск 1 сьнежня падчас агульнага сходу Нацыянальнай Акадэміі навук аднагалосна было вырашана: у Беларусі будзе ўзьведзеная свая атамная электрастанцыя (АЭС). Навукоўцы ўхвалілі дакумэнт пра пачатак падрыхтоўкі да будаўніцтва АЭС ужо ад гэтага году. Прысутны на нарадзе Аляксандар Лукашэнка заявіў: пытаньне ўласнай ядзернай энэргетыкі – практычна безальтэрнатыўны варыянт, каб гарантаваць нацыянальную бясьпеку краіны і забясьпечыць Беларусі таннай энэргіяй.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў запусьціць першы энэргаблёк беларускай АЭС ужо да 2013 году. У якасьці будаўнічых пляцовак разглядаюцца два варыянты – у Чавускім і Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласьці. Чавускі варыянт службам геалягічнай выведкі падаецца больш прывабным. Прынамсі, першы намесьнік кіраўніка чавускай вэртыкалі Васіль Сысоеў пацьвердзіў: на месцы, вызначаным пад магчымае будаўніцтва, ужо вядуцца актыўныя геалягічныя дасьледаваньні. Апроч таго, у мінулую пятніцу на паседжаньне ў Акадэмію навук быў выкліканы кіраўнік раёну, які ў зьвязку з будаўніцтвам АЭС агучыў варыянт рэанімацыі рэгіёну – дарэчы, Чавускі раён адзін з найбольш забруджаных ад радыёактыўных выкідаў падчас аварыі на ЧАЭС.

(Сысоеў: ) “Так, для нас гэта было б вельмі нядрэнна. Мы вельмі хочам, каб гэта станцыя была пабудавана тут. Наш старшыня выканкаму таксама браў удзел у нарадзе, выступаў са сваімі прапановамі, з аналізам сытуацыі, якая склалася ў рэгіёне – эканамічная, дэмаграфічная. Канешне, раён у нас своеасаблівы, напалову накрытыя радыяцыяй, перадусім, наша паўднёвая частка. І тое, што знаходзімся побач з Магілёвам, выклікала масавы адток насельніцтва. Натуральна, што мы хочам, каб людзі сюды вярнуліся. Месцы ў нас даволі нядрэнныя, месцы прыгожыя і трэба, каб тут жылі людзі”.

Адно з найбольш актуальных пытаньняў падчас будаўніцтва атамных электрастанцый – праблема бясьпекі. Досьвед чарнобыльскай катастрофы яскрава прадэманстраваў: абыякавасьць у атамнай энэргетыцы не дапушчальная. Аднак Аляксандар Лукашэнка ў часе нарады з навукоўцамі НАН наўпрост заявіў: гаварыць пра бясьпеку ва ўмовах Беларусі бэссонсоўна – “Эўропа напічкая АЭС, вакол Беларусі іх поўна ў Расеі і ва Ўкраіне. Вось вам і ўся бясьпека”. Лукашэнка ўдакладніў: Беларусь акальцаваная атамнымі станцыямі, толькі нічога ад гэтага ня мае, апроч высокіх коштаў на электраэнэргію.

Кіраўнік Антыядзернага камітэту Ўладзімер Парфяновіч адным зь першых арганізаваў кампанію супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі.

(Парфяновіч: ) “Адна праблема, якая заўсёды была і ёсьць: гэта – надзейнасьць. А яна пакуль не на тым узроўні, на якім мусіць быць. А калі надзейнасьці ня будзе, для Беларусі дні хутка скончацца. Прынамсі, рэактар мусіць адпавядаць усім нормам бясьпекі. Чарнобыль зрабіў сваю справу і на сёньняшні дзень няма падставы казаць: маўляў, калі мы яе пабудуем, ніякай небясьпекі ня будзе. Натуральна, што пытаньне вырашэньня энэргетычных патрэбаў актуальнае, але што да атамнай энэргетыкі, то на гэты конт застаецца шмат пытаньняў”.

Кіраўнік НДІ ядзерных дасьледаваньняў Уладзімер Барышэўскі лічыць, што ня варта драматызаваць сытуацыю. Паводле навукоўца, сучасныя тэхналёгіі дазваляюць узводзіць падобныя аб’екты з высокай доляй надзейнасьці.

(Барышэўскі: ) “Запэўніваю вас: цяпер будуць некалькі гадоў усё вывучаць з розных бакоў. Потым, відавочна, хтосьці павінен даць крэдыты на будаўніцтва. А гэта ж мільярды каштуе”.

Аднак ці сасьпела само беларускае грамадзтва для будаўніцтва АЭС? На гэтае пытаньне спэцыяліст ня мае адназначнага адказу.

(Барышэўскі: ) “Вось зараз, я думаю, наўрад ці яшчэ. А што будзе праз пяць гадоў – цяжка сказаць. На будучыню цяжка рабіць прагнозы”.

Галоўным аргумэнтам беларускага кіраўніцтва на карысьць будаўніцтва АЭС – залежнасьць ад імпартаваных энэргарэсурсаў. Іх доля ў агульным аб’ёме спажываньня складае 85%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG