Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На другі дзень да галадоўкі каталікоў у Горадні далучыліся яшчэ 3 чалавекі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня другі дзень галадоўкі вернікаў гарадзенскай парафіі Маці Божай Вастрабрамскай. Да іх далучыліся яшчэ тры чалавекі, і іх стала пятнаццаць. Яны патрабуюць ад уладаў дазволу пабудаваць касьцёл і галадаюць разам з ксяндзом Аляксандрам Шэметам.

Ніякай рэакцыі ўладаў на галадоўку вернікаў не было. Аляксандар Шэмет гаворыць, што пакуль што верніцы адчуваюць сябе нармальна і трымаюцца спакойна, ён увесь час знаходзіцца зь імі ў капліцы.

(Шэмет: ) “Жанчыны сказалі, што за касьцёл, за веру яны гатовыя аддаць сваё жыцьцё, калі будзе патрэба. Я кажу: такой патрэбы ўвогуле няма. Цяпер толькі ёсьць патрэба ваяваць за справядлівасьць супраць тых, якія топчуць нас нагамі і мяркуюць, што гэта справядліва, што так павінна быць, што касьцёл ня мае права існаваць тут як суполка вернікаў, хаця гэта простыя людзі, а не палітычная партыя. Як яны казалі: мы простыя людзі, нам нічога больш ня трэба, дазвольце нам будаваць касьцёл”.

У суботнім нумары абласная газэта “Гродзенская праўда” адрэагавала на патрабаваньне вернікаў да ўладаў дазволіць ім будаваць касьцёл. Публікацыя называецца “Гульня на пачуцьцях”. Праўда, у ёй апісваюцца падзеі тыднёвай даўнасьці, калі вернікі з ксяндзом Аляксандрам Шэметам правялі акцыю пратэсту ля аблвыканкаму.

Публікацыя вытрымана ў наступным стылі: “Уся акцыя была сплянаваная загадзя з мэтай стварэньня канфлікту і распальваньня жарсьцяў вакол няіснай праблемы”. І далей: “А ксёндз А.Шэмет працягвае распальваць абстаноўку, маніпуляваць грамадзкай думкай, шантажаваць улады, робячы пры гэтым палітычныя заявы ў замежных выданьнях пра нібыта маючыя месца парушэньні правоў вернікаў”.

Аляксандар Шэмет, між тым, не чытае афіцыйнай прэсы і публікацыі супраць сябе ня бачыў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG