Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу К.Садоўскую ўжо зьмясьцілі ў гомельскую жаночую калёнію


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гарадзкі суд Менску разгледзіць касацыйную скаргу на прысуд Зьмітру Дашкевічу 15-га сьнежня. Кацярына Садоўская ўжо піша лісты з гомельскай жаночай калёніі. Астравецкі актывіст Іван Крук непакоіцца пра сваякоў. Чым міліцыянты зь менскай калёніі патлумачылі адмову ў датэрміновым вызваленьні для Цімафея Дранчука?

Напачатку нагадаю пра Аляксандра Казуліна, які ў калёніі трымае галадоўку пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. Сёньня ідзе 44-ы дзень галадоўкі палітыка. Казулін па-ранейшаму не адмаўляецца і ад патрабаваньня разгледзець становішча з правамі чалавека ў Беларусі на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН. Між тым сваякі і аднадумцы апазыцыянэра заклікалі яго спыніць галадоўку, каб захаваць здароўе і жыцьцё для будучай барацьбы.

На 15 сьнежня прызначаны разгляд у гарадзкім судзе Менску касацыйнай скаргі на прысуд лідэру “Маладога фронту” Зьмітру Дашкевічу, якога асудзілі на паўтара году зьняволеньня. Бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч разьлічвае на сустрэчу з сынам яшчэ да суду.

(Дашкевіч: ) “Папрашу, магчыма, дадуць спатканьне. Хаця і малаверагодна. Але ў мінулы чацьвер таксама ня мусілі даваць да суду спатканьня, але, відаць, улічылі, што мы з жонкай прыехалі здалёку, улічылі наша здароўе і дазволілі сустрэцца з сынам. Ён трымаўся аптымістычна”.

А вось калі будзе разгледжаная скарга на прысуд праваабаронцы Кацярыне Садоўскай, сваякі дагэтуль ня ведаюць. Між тым Садоўская ўжо прыслала дадому ліст ня зь менскага ізалятару на вуліцы Валадарскага, а з 4-й жаночай калёніі ў Гомелі, распавёў яе муж Віктар Садоўскі.

(Садоўскі: ) “Піша, што лепш, чым на Валадарцы. Там, у ізалятары, было і холадна, і вільгаць вялікая, на 8 квадратных мэтраў тым было 8 чалавек, а тут значна лепей”.

І ўсё ж Кацярына Садоўская не зьмірылася з прысудам, паводле якога яе прызналі вінаватай у зьнявазе прэзыдэнта, і дамагаецца апраўданьня.

Не атрымаў магчымасьці датэрміновага вызваленьня Цімафей Дранчук – актывіст “Партнэрства”, які апошнім зь сяброў гэтай арганізацыі застаецца за кратамі. Нагадаю, ён быў асуджаны на год зьняволеньня і адбывае пакараньне ў менскай калёніі. 30-га лістапада турэмная камісія, якая разглядае кандыдатуры на вызваленьне, мела разьбіраць і асабістую справу Дранчука, але нечакана справу выключылі са сьпісу без разгляду. Бацька актывіста, вядомы эколяг Валер Дранчук на гэты конт кажа: “Палітыка ў справе “Партнэрства” як была спачатку, так і застаецца”. Вось пра што даведаўся Валер Дранчук:

(Дранчук: ) “Ягоныя матэрыялы былі цалкам падрыхтаваныя. Усё, што залежала ад начальніка турмы, начальніка атраду і гэтак ніжэй, усё было. Усе паперы, як трэба. Але нейкая рука ўмяшалася. Таму я і кажу, што гэта маніпуляваньне людзьмі”.

На волю Цімафей Дранчук мае выйсьці 20-га лютага.

Сын астравецкага актывіста Івана Крука Аляксандар паведаміў пра апошні ліст ад бацькі з глыбоцкай турмы. Іван Крук пра сябе піша вельмі мала: што зь ім усё нармальна, а больш непакоіцца пра справы ў сваякоў. Нагадаю, Іван Крук асуджаны на 6 месяцаў арышту, на волю ён выйдзе ў студзені будучага году.

Тэлефонная сувязь зь лідэрам моладзевага руху Паўлам Севярынцам адсутнічае, аднак зь іншых крыніц стала вядома, што нядаўна Паўлу дазволілі наведаць царкву ў Полацку. Здароўе Паўла нармальнае, гэтаксама як і ў яго сябра Артура Фінькевіча, які адбывае “хімію” ў Магілёве. А вось лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча па-ранейшаму не пускаюць у Баранавічы да бацькі, а падчас саміту СНД у Менску за ім увогуле наладзілі татальны кантроль.

(Статкевіч: ) “Калі быў саміт, мяне тут кантралявалі кожны дзень, а так яны звычайна не зьяўляюцца. Міліцыянты нават хаваюцца ад мяне, бо калі я іх бачу, то падыходжу з пытаньнем, калі мяне пусьцяць да бацькі?”

Днямі Мікола Статкевіч адбыў на “хіміі” ўжо 16 месяцаў – гэта дзьве траціны ягонага тэрміну.
XS
SM
MD
LG