Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімоўка жывёлаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда". Удзельнічае пісьменьнік Пятро Васючэнка. Эфір 30 лістапада 2006 году.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Аднойчы ў існаваньні чалавека і ўсяго жывога настае час здранцьвеньня і касьмічнай сьцюжы. Шэрая часіна восені зьмяняецца чорнай і белай. І хаця беларуская зіма, як і ўсё беларускае, неспадзяваная – то залішне раньняя, то позьняя госьця, але яна непазьбежная, як старасьць і сьмерць. І сёньня, хоць зіма яшчэ не ўвабралася як сьлед у сілу, усё жывое ўжо рыхтуецца да яе надыходу. Туманы плывуць над Беларусяй – гэта Караткевічаў заяц пачынае варыць сваё піва, бо “павінна ж быць і ў зайца радасьць перад халоднаю зімой”. А іншыя ўжо й ня радуюцца, і не сьвяткуюць. Такое ўражаньне, быццам усе пахаваліся, ім ужо не да піва. Усё зьнікла, сьціхла, пахавалася невядома ў якіх схованках, як быццам згасла само жыцьцё. Што ж такое адбываецца ў прыродзе?”

(Пятро Васючэнка: ) “Ды нічога такога не адбываецца. Паўсюль жыцьцё працягваецца. Пераканацца можна ў гэтым, калі зазірніце ў дрывотню, у склеп, у хлевушок, пад кару старога пня ў лесе, і пабачыце, што ўсе жывыя. Хоць і сьпячка, хоць і здранцьвеньне, але ўсе жывыя. Зімуюць…”

(Ракіцкі:) “Спадар Васючэнка, а што канкрэтна можна пабачыць, калі зазірнуць у склеп, у хлевушок, пад кару старога пня ў лесе?”

(Васючэнка: ) “Калі туды зазірнуць, дык можна пабачыць там мух, камароў, матылёў, якія не пасьпелі вымерзнуць, паселі па сьценах і чакаюць адлігі, пацяпленьня альбо вясны. Зрэшты, ваша лецішча напоўніцца мухамі, калі вы распаліце печ. Жывуць у такіх памяшканьнях таксама далікатныя грыбныя камарыкі, якія і ўзімку сілкуюцца сваімі ўлюбёнымі далікатэсамі – цьвільлю, грыбам губою ці, як яго яшчэ называюць, трутавіком. Іншая жамяра, прыкладам, павукі, жукі, макрыцы, хаваюцца пад карою струхлелых пнёў. У шышках хаваюцца лясныя пляскатыя клапы. А пчолы і мурашы любяць ратавацца калектыўна ў сваіх “мэгаполісах” – вульлях і мурашніках. Тэмпэратура там падтрымліваецца прыстойная – 34-35 градусаў паводле Цэльсія”.

(Ракіцкі: ) “Схавацца і чакаць лепшых часоў – абачліва і мудра, але няўжо няма такой жамяры, якая не баіцца маразоў і сьмела заглядае зіме ў вочы? Ведама ж, што павукі і ўзімку працягваюць раскідваць свае сеткі і паляваць на жамяру”.

(Васючэнка: ) “Натуральна, дзе безабаронная жамяра, там і бандыты, драпежнікі. Яны таксама працягваюць сваё жыцьцё, хоць здабычы іх бяднейшыя, чым улетку. Што датычыць сьнегавых істотаў, якія змагаюцца са сьнегам і сьцюжаю, дык яны, як ні дзіўна, таксама ёсьць. Варта зайсьці ў зімовы лес, і пабачыш, што на сьнезе ладзяць свой сьнегавы баль мноства самай разнастайнай жамяры – сьнегавыя мухі, сьнегавыя блохі, сьнегавыя камарыкі,сьнегавы чарвяк (вусень аднаго з жукоў). Яны – з выгляду крохкія, субтыльныя, празрыстыя, у чым душа толькі цепліцца, як сухотныя паэты-пасыянарыі – ўсё ж вельмі трывалыя. Нават стафіліны і жужалі – жукі, якія ня ўмеюць лётаць, ладзяць свой сьнегавы баль, бо вытрымліваюць мароз да мінус дванаццаці. Асабліва шмат іх у пару адлігі. Зрэшты, такое й сярод людзей здараецца, калі раптам настае адліга, і народ высыпае на вуліцу”.

(Ракіцкі: ) “Як я разумею, вы гаворыце пра змаганьне зь зімой. Змаганьне з зімой – справа рызыкоўная, і, мяркую, ня кожная муха або павук перамогуць у гэтай барацьбе і дажывуць да адлігі”.

(Васючэнка: ) “Так. Большая частка дарослай жамяры ўжо даўно склала лапкі, але некаторыя зь іх спадзяюцца на тое, што калі яны самі не пажылі як сьлед, дык хоць дзеці і ўнукі дажывуць да лепшых часоў, дачакаюцца вясны. Яны ведаюць пра тое, што лічынкі і яйкі лепей захоўваюцца падчас маразоў. Калі будзеце на сваім лецішчы, зазірніце ў сад, і вы пабачыце, што знаходзяцца на галінках, на ствалах яйкі лістаблошкі і тлі. Гэтыя ўжо, пэўна, дажывуць. Разламіце сьцябліну старога лопуха і пабачыце там вусеня, які ўвесну ператворыцца ў матыля. Ёсьць і такая цікавая асоба як аса-вершнік. Яна хавае сваё яйка ў вусеня. Робіць яму ін’екцыю сваім джалам, кідае туды яйка, і ўнутры вусеня пачынае расьці новая аса-вершнік. І калі настане вясна, дык з вусеня вылупіцца не матылёк, а аса”.

(Ракіцкі: ) “Беларусь – край, багаты на вадаёмы. Што творыцца ў сажалцы, у рацэ, возеры?”

(Васючэнка: ) “У нашых азёрах, рэках, сажалках, копанках таксама пад лёдам жыцьцё бурапеніць, бо вада пад лёдам амаль не замярзае. Але калі і замерзьне да дна, дык і гэта не бяда для многіх вадзяных істотаў, бо яны ўмярзаюць проста ў лёд. Так робяць сьлімакі, бяззубкі, іншыя ракаўкі. Іншыя добра пераносяць халодную ваду. Карасі і аўсянікі зашываюцца ў глей. Апошнім свайго сьвята тры гады чакаць, яны 20 разоў паліняюць, пакуль адкладуць свае яйкі, размножацца і ўпадуць мёртвымі на дно. А многія рыбы пакутуюць ад задухі. Паветра ім не стае”.

(Ракіцкі: ) “Мне зараз прыгадаўся папулярны народны выраз: “Я табе пакажу, дзе ракі зімуюць!” А цікава, дзе яны зімуюць?”

(Васючэнка: ) “Уявіце сабе ластаўчын “горад” – іхныя шматлікія гнёзды на стромах і адхілах. Такія ж “гарады” будуюць пад вадой і ракі. Па краёх гліняных берагоў – норкі, норкі, і з кожнай тырчыць клюшня. Клюшня – гэта замок, і ніхто яго ня зможа адчыніць. Кожны рак у нары будзе спаць аж да вясны, бо ён добра пад’еў перад зімовай сьпячкай”.

(Ракіцкі: ) “Дагэтуль мы размаўлялі пра жыцьцё жамяры і ўсялякіх іншых экзатычных істотаў. А што творыцца ў сьвеце высокаарганізаваных істотаў – сысуноў? Усе ведаюць, прыкладам, пра мядзьведзя, які сьпіць у сваёй бярлозе ўсю зіму і мроіць пра маліны і мёд. А астатняя, так бы мовіць, зьвярыная эліта?”

(Васючэнка: ) “Ня толькі мядзьведзь. Сьпяць у гэтую пару ўжо таксама барсук, вожык, соня, кажаны. А некаторымі істотамі апаноўвае прага знайсьці сабе нару, наладаваць яе харчам і схавацца. Так, прыкладам, паводзяць сябе палявыя мышы. Яны жыруюць каля лецішчаў і на зіму назапашваюць да 5 кіляграмаў зерня, бульбы, морквы. І зіма палёўцы ня страшная. На ўсялякі выпадак, у яе пяць ці сем выхадаў з гэтага жытла. Беларускія жывёлы ведаюць, што перад сном трэба альбо добра пад’есьці, альбо назапасіць дастатковую колькасьць ежы. Вось і вавёрка рыхтуе дупло і сушыць грыбы на сучках ды калючках. Мядзьведзь – сам сабе кладоўка – у яго адкладаецца тлушч, які дазволіць яму перажыць зіму, упаўшы ў сон-летаргу”.

(Ракіцкі:) “Значыць, за зьвяроў нам ня трэба турбавацца. А ці не разумнейшыя за ўсіх птушкі, якія за халадамі адлятаюць зімаваць у вырай, – буслы, шпакі, ластаўкі?”

(Васючэнка:) “Гэтыя робяцца часовымі эмігрантамі. Нехта ляціць у Індыю, нехта – ў Эгіпет. Але мы ведаем, што яны абавязкова вернуцца ўвесну. А самыя патрыятычныя птушкі застаюцца зімаваць на бацькаўшчыне – вераб’і, вароны, сініцы. Невядома, каму лепш. А глушцы, рабчыкі, як і людзі-маржы, з асалодаю купаюцца ў сьнезе”.

(Ракіцкі: ) “Перад абліччам халоднай зімы і кузурка, і верабей, і заяц, і мядзьведзь паводзяць сябе прыблізна аднолькава. Галоўнае для ўсіх – перазімаваць, ацалець, даць працяг роду. Усё гэтаксама, як і ў людзей?”

(Васючэнка: ) “У нас адна радзіма, адна прырода, агульныя сонца, лета й зіма. Ня дзіўна, што норавы людзей перадаюцца жывёлам, а норавы жывёлаў – людзям. Мяркую, што ёсьць чаму павучыцца і беларусам у сваёй фаўны – трывушчасьці, цярплівасьці, надзеі на тое, што калі-небудзь халады мінуцца, што пасьля калядаў сонца паверне на вясну, якая абавязкова прыйдзе. Мяркую таксама, што нашы паэты ўважліва прыглядаліся да таго, што робіцца ў прыродзе. І адпаведна стваралі вобразы, зьвязаныя са сном-летаргаю, зімоваю сьпячкаю, бо летарга не такая пашыраная зьява сярод людзей, а сярод зьвяроў – колькі хочаш. Адсюль і вобразы векавечнага сну і чаканьня вясны як нацыянальнага адраджэньня”.
XS
SM
MD
LG