Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка вырашыў будаваць АЭС


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік Беларусі правёў нараду ў пытаньнях падвышэньня энэргетычнай бясьпекі краіны. На ёй абмеркавана пытаньне будаўніцтва ў Беларусі ядзернай электрастанцыі. Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду тэрмінова ўнесьці адпаведныя дакумэнты ў Савет бясьпекі.

Падчас нарады абмяркоўваліся некалькі пляцовак, на якіх можна пабудаваць станцыю. Перавага аддаецца краснапольскай пляцоўцы ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласьці. Разглядаецца й варыянт будаўніцтва станцыі ля заходніх межаў. Праект мае рэалізавацца хутка. Паводле старшыні Акадэміі навук Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, першыя магутнасьці АЭС могуць зьявіцца ўжо ў 2013 годзе.

Кіраўнік краіны разглядае ўласную ядзерную энэргетыку як умову нацыянальнай бясьпекі й крыніцу таннай энэргіі. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пры правільным інфармаваньні людзі пагодзяцца з пазыцыяй кіраўніцтва Беларусі й падтрымаюць яе. Ён паставіў задачу “панізіць занепакоенасьць грамадзкасьці”.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч мяркуе, што чалавецтву давядзецца выкарыстоўваць ядзерную энэргетыку, і да гэтага ён ставіцца спакойна:

(Вайтовіч: ) “Мяне хвалюе іншая рэч. Звычайна такія вось таталітарныя рэжымы пачынаюць выкарыстоўваць ядзерную энэргетыку спачатку ў мірных мэтах, а потым яны пачынаюць выкарыстоўваць гэтыя тэхналёгіі для стварэньня зброі. Вось гэта мяне хвалюе. У нас рэжым дыктатарскі, непрадказальны. Мяне хвалюе не само разьвіцьцё ядзернай энэргетыкі, а магчымасьць выкарыстаньня гэтых тэхналёгіяў у ваенных мэтах”.

Фізык-ядзершчык Станіслаў Шушкевіч кажа, што ніколі ня меў падставаў выступаць супраць будаўніцтва АЭС:

(Шушкевіч: ) “Будучыні ў нас прыстойнай бязь ядзернай энэргетыкі няма. І калі зразумеў гэта Лукашэнка, дзякуй Богу. Але застаецца многа пазыцыяў, якіх ён яшчэ пакуль што ня ўцяміў… Гэта вялікі праект, і тут магчымыя розныя варыянты. І тут павінна быць пэўная канкурэнцыя праектаў. Ня ведаю, ці будзе гэта па-людзку. Калі будзе па-людзку, то добра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG