Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі ВІЧ-інфікаваных штогоду более на 700 чалавек


Галіна Абакунчык, Менск Усясьветная арганізацыя аховы здароўя абвясьціла 1 сьнежня Ўсясьветным днём барацьбы са СНІДам. У Беларусі на 1 лістапада 2006 году было зарэгістравана 7640 інфікаваных ВІЧ. Гэта на 628 выпадкаў больш, чым летась. Штогоду СНІД ахоплівае новыя тэрыторыі Беларусі.

Паводле распаўсюду ВІЧ-інфэкцыі ўжо шмат гадоў першая Гомельская вобласьць, затым — Менск і сталічная вобласьць. Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што новых захворваньняў штогоду фіксуецца прыкладна аднолькава — каля сямісот чалавек. Інфэкцыя зьяўляецца на ўсё новых тэрыторыях, кажа доктар Цэнтру прафіляктыкі СНІД Ларыса Касінская:

(Касінская: ) “ВІЧ-інфэкцыя перайшла ўжо з буйных гарадоў у сельскую мясцовасьць і захоплівае насельніцтва, якое не практыкуе асацыяльнага ладу жыцьця. Але маюць сэксуальныя кантакты зь людзьмі, якія, прыкладам, ужывалі наркотыкі. І штогоду павялічваецца колькасьць ВІЧ-інфікаваных жанчын, якія нараджаюць інфікаваных дзяцей”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, распаўсюд ВІЧ-інфэкцыі праз іньекцыі наркотыкаў саступае выпадкам заражэньня праз сэксуальныя кантакты. Калі ў 2004 годзе было 50% такіх выпадкаў, то сёлета 61%. Менавіта гэтак некалькі гадоў таму захварэла Тацяна зь Менску:

(Тацяна: ) “Мяне партнэр заразіў. Ён ведаў пра свой ВІЧ-статус, але баяўся быць адкінутым і не сказаў мне пра гэта. І гэта таксама праблема”.

Як сьведчыць статыстыка, ад хворых маці ў краіне нарадзілася 891 дзіця. Зь іх 144 — сёлета. Інфэкцыя выяўленая ў 104 малых, сямёра дзяцей памерлі. Пытаюся ў маладых менчукоў, ці засьцерагаюцца яны ад ВІЧ-інфэкцыі.

(Юнак: ) “Ну канечне, засьцерагаемся як можам”.

(Юначка: ) “Я трымаюся сталых сэксуальных кантактаў, не мяняю партнэраў”.

(Юнак: ) “Ніяк не засьцерагаюся, у мяне такіх знаёмых няма, якія хварэюць на СНІД”.

(Юначка: ) “Я нічога не раблю, бо я ня думаю, што магу захварэць. Няма такой небясьпекі, не ўяўляецца яна”.

У грамадзкай арганізацыі “Пазытыўны рух”, якая працуе на змаганьне зь ВІЧ-інфэкцыяй, паведамілі, што моладзь зьвяртаецца да іх найчасьцей. І найперш цікавіцца, як папярэдзіць СНІД, а таксама — як лекавацца, калі інфікаваньне адбылося. Гэта сьведчыць, што сапраўдны стан зь ВІЧ-інфэкцыяй у Беларусі больш складаны, чым сьведчаць афіцыйныя крыніцы, заявіла “Свабодзе” Тацяна, якая працуе ў адной з такіх арганізацыяў.

(Тацяна: ) “Калі параўноўваць справаздачы, якія робіць Усясьветная арганізацыя аховы здароўя, бо Беларусь усюды фігуруе як краіна, дзе вельмі вялікі ўзровень распаўсюду інфэкцыйных захворваньняў, у тым ліку СНІДу… Але ў нас чамусьці гэта замоўчваецца, падаецца так, што, нібыта, усё добра. Але насамрэч, далёка ў нас ня ўсё добра”.



Першы інфікаваны ВІЧ зьявіўся ў Беларусі ў 1987 годзе. 919 інфікаваных памерлі. У стадыі СНІДу памерлі 330 чалавек.

XS
SM
MD
LG