Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэю Клімаву ў 10 разоў зьнізілі заробак (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Андрэю Клімаву, які адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі летась 25 сакавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, у дзесяць разоў зьменшылі заробак. Гэта адбылося пасьля інтэрвію, якое даў палітвязень Радыё Свабода. Нагадаем, тады Андрэй Клімаў паведаміў, што атрымлівае тысячу даляраў на прадпрыемстве “Дэльта”, што ў Рэчыцкім раёне.

Андрэй Клімаў лічыць, што заробак яму зьменшылі згодна з распараджэньнем кіраўніцтва Рэчыцкага выканкаму. Палітвязень працуе інжынэрам вытворча-тэхнічнага аддзелу ў нафтавай кампаніі “Дэльта”. Ягоны заробак складаў тысячу даляраў да таго дня, калі выйшаў рэпартаж “Свабоды” пра заробкі палітвязьняў. Цяпер у ведамасьці насупраць ягонага прозьвішча стаіць сума 135 тысяч рублёў. Андрэй Клімаў паведаміў “Свабодзе”, што прэтэнзіяў да кіраўніцтва кампаніі ня мае:

(Клімаў: ) “Я разумею, што цяпер у краіне ня лепшы эканамічны стан у зьвязку зь пераходам на новыя цэны на газ. Як вынік, крызісны стан эканомікі й праблемы з выплатай заробкаў. Сёньня я стаў атрымліваць 135 тысяч. Калі нехта не разумее, што гэта — то няхай паспрабуе набыць у краме пакет малака, бохан хлеба, замарожанае кураня, сьмятану, пачак масла й бутэлечку кетчупу. Можна яшчэ дадаць пачак сурвэтак. Няхай усё гэта палічыць, і тады ён зразумее, як можна пражыць на такі заробак. Тое, што рэзка зьнізілі заробак пасьля публікацыі, я ўпэўнены, што гэта на сумленьні намесьніка ў ідэалёгіі Рэчыцкага выканкаму”.

Намесьнік старшыні Рэчыцкага райвыканкаму Віталь Атаманчук адказаў “Свабодзе”, што ніякага дачыненьня да гэтай сытуацыі ня мае.

(Атаманчук: ) “У маю кампэтэнцыю ўваходзяць усе пытаньні, якія я курырую. Сустракацца я магу з кіраўнікамі прадпрыемстваў штодня ў сваіх службовых абавязках. Што тычыцца таварыша Клімава, то гэта выдумка. Я ня ведаю ні памеру ягонага заробку, ні на якім прадпрыемстве ён працуе”.

Андрэй Клімаў будзе адбываць пакараньне яшчэ некалькі дзён. Ён спадзяецца, што ня будзе ніякіх нечаканасьцяў, і Новы год ён сустрэне дома зь сям’ёй.



А колькі зарабляюць іншыя палітвязьні, што працуюць на гэтак званай "хіміі"? Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі у вёсцы Блонь за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту, апошні раз атрымаў заробак 91 000 рублёў за два месяцы, падчас якіх працаваў па 100 гадзінаў на тыдзень. Палітык кажа, што астатнія “хімікі”, якія адбываюць пакараньне ў Пухавіцкім раёне, атрымліваюць яшчэ меней. Артур Фінькевіч за той час, што прабыў на “хіміі” у Магілёве за палітычныя графіці, атрымаў 45 000 рублёў. Праўда, хлопец шмат часу знаходзіўся ў шпіталі. За цяжкую фізычную працу ў вёсцы Малое Сітна Павал Севярынец атрымлівае каля 50 000 рублёў у месяц. Частка гэтага заробку ідзе аплатай за інтэрнат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG