Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Аляксандар Рыпінскі


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Аднойчы, працуючы ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане, я пачуў ад знакамітага беларусіста, брытанскага падданага Гая дэ Пікарды гісторыю пра тое, як ён сядзеў зь беларускім калегам доктарам філялёгіі Адамам Мальдзісам у адным зь мясцовых пабаў. За вокнамі ішоў абложны дождж, таму цёмнаскураму бармэну даводзілася наліваць наведнікам не па адным разе, што той рабіў чамусьці безь вялікага стараньня.

Пры чарговым паходзе да стойкі доктар Мальдзіс уголас зазначыў, што некалі ў гэтым доме жыў і друкаваў свае кніжкі беларускі паэт Аляксандар Рыпінскі і, калі б павесіць на будынку мэмарыяльную табліцу, кожны беларус, трапіўшы ў Лёндан, ушаноўваў бы славутасьць прыстойнай колькасьцю кухляў “Гінэсу” ці кілішкаў чаго мацнейшага. Бармэн прыкметна пажвавеў і неўзабаве вярнуўся з гаспадаром пабу. Першым ягоным пытаньнем было: колькі на сьвеце беларусаў?

У брытанскай сталіцы Рыпінскі апынуўся пасьля ўдзелу ў вызвольным паўстаньні 1831 году. На той час гэты прыдзьвінскі шляхціч вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дзьвінску-Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія) і меў сумнеўнае з гледзішча ўладаў знаёмства зь дзекабрыстам Вільгельмам Кюхельбэкерам, які адбываў пакараньне у Дынабурскай фартэцы. Менавіта пасьля загаду выступіць супроць паўстанцаў малады паэт і далучыўся да іх, не забыўшы пакласьці ў вайсковы ранец свае фальклёрныя запісы й першыя вершы.

Эміграцыйныя блуканьні пасьля разгрому паўстаньня пачаліся для Аляксандра з Парыжу, дзе ён на падставе ўласных лекцыяў, чытаных у тамтэйшым Польскім літаратурным таварыстве, выдаў асобнай кнігаю сваё фальклёрыстычна-этнаграфічнае дасьледаваньне “Беларусь”. Якраз любасьць да роднай Літвы-Беларусі сталася асноваю яго блізкага знаёмства зь яшчэ адным выгнанцам — Адамам Міцкевічам.

Пераехаўшы ў 1846-м у Лёндан, Рыпінскі здабыў вядомасьць як мастак і фатограф (у Тотэнгэмскім музэі дагэтуль перахоўваюцца гравюры зь ягоных карцінаў). Заснаваўшы ўласную вольную друкарню, былы інсургент разам з польскімі вершамі надрукаваў там сваю беларускамоўную рамантычную баляду “Нячысьцік” — пра селяніна Мікіту, што “меў жонку, як зьмяю”, а таксама парсючка, якога собіла ж гаспадару забіць на каўбасы акурат на Вялікі пост, пасьля чаго, натуральна, і зьявіўся ўсьцешаны нячысьцік... Дзякуючы гэтаму твору з суровай, але справядлівай маральлю (ня еш у пост скаромніны) Аляксандра Рыпінскага лічаць адным з стваральнікаў жанру баляды ў нашай літаратуры.

Дарэчы, у друкарні Рыпінскага ўпершыню пабачыў сьвет хрэстаматыйны верш Паўлюка Багрыма “Зайграй, зайграй, хлопча малы...”

Вярнуўшыся па амністыі на радзіму і жывучы пад строгім наглядам паліцыі, колішні паўстанец канчаткова ўсьвядоміў сябе як беларускага культурнага дзеяча і працаваў над гісторыяй айчыннай літаратуры.

На жаль, мэмарыяльнай табліцы на доме, дзе хаваліся ад дажджу Мальдзіс і Пікарда, дагэтуль няма. Але паб па-ранейшаму на месцы.
XS
SM
MD
LG