Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эдуард Акулін: “У цнатлівую неруш паперы – веру!”


Радыё Свабода Эдуард Акулін — удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Веру ў Слова, таму што Яно ёсьць Богам.

Веру ў Бога, таму што Бог ёсьць Любоў.

Веру ў Каханьньне, таму што яно акрыляе.

Веру ў Беларусь, таму што яна залатая.

Веру ў беларускую мову, каб ня ўмёрці.

Веру ў Максіма Багдановіча, бо ад яго – Пачатак.

Веру ў беларускі Народ, бо ён дачакаецца.

Веру ў залацісты, ясны дзень, бо ён разгараецца.

Веру ў Пагоню, бо яе — ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць!

Веру ў бел-чырвона-белы сьцяг, бо на ім кроў касінераў Каліноўскага.

Веру ў беларускую Кнігу, бо з ёй не самотна.

Веру ў беларускую Паэзію, выдрапаную цьвіком на гулагскіх нарах.

Веру ў беларускую Песьню, бо толькі яна здольная ўскалыхнуць Дух народны.

Веру ў беларускую Гісторыю, бо без яе няма Прышласьці.

Веру ў беларускую Прышласьць, бо яна належыць маім сынам Янку і Верасу.

Веру сваёй жонцы, бо сем тысяч начэй спаў ля яе вачэй.

Веру ў Бесядзь, бо чую віры свая.

Веру ў Сьмерць, бо Сьмерць ёсьць пачатакам вечнага Жыцьця.

Веру ў Жыцьцё, таму што шчасьлівы быць.

Верую ў Веру, таму што яна ёсьць крыламі для душы!

Веру ў несьмяротнасьць Душы, бо той, хто веруе — уратуецца.

А яшчэ…

У цнатлівую неруш паперы —веру! У бязгрэшнасьць сьвятога намеру — веру! У сакральнасьць тайнай вячэры — веру! У бязьвіннасьць Іуды й Сальеры — веру! У Таго, хто памёр на Галгофе за Веру — Верую! Веру я! Веру!

Эдуард Акулін – паэт, бард, перакладчык. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Вялікія Нямкі, што на Веткаўшчыне. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і асьпірантуру АН Беларусі. Працаваў настаўнікам, загадчыкам філіі Літмузея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка”, намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса “Першацьвет”, загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Полымя”. Зараз — намесьнік галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў”, а таксама намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Аўтар кніг паэзіі: “Лес дзённага асвятленьня” (1988), “Пяшчота ліўня” (1990), “Крыло анёла” (1995), “Радно” (2000), “Непрычалены човен” (2003), драматычнай містэрыі “На Каляды ” (1996), двух песенных матнітальбомаў: “Мая Крывія” (1995), “Як яна і я” (2000) і кампактдыску “Напачатку была Песьня” (2003).


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG