Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі Менск безбар’ерны для інвалідаў-вазочнікаў? (фота)


Радыё Свабода Паводле статыстыкі, у Менску больш за 1500 інвалідаў-вазочнікаў. Але ці прыстасаваны 2-х мільённы горад для іхняга так бы мовіць “безбар’ернага перасоўваньня”?

40-гадовы Валянцін Дрозд у вазку 18 гадоў. Яго месячная пэнсія каля 170 тысячаў. Падпрацоўвае перакладамі з ангельскай мовы. Перасоўваецца па горадзе на калясцы альбо на ўласным аўтамабілі. Разам з ім мы і зробім невялікае падарожжа. Спачатку трэба выйсьці з кватэры і пераадолець прыступкі пад’езду. Валянцін спрактываўся зьяжджаць сьпіной ўперад. Інакш немагчыма. А вось бабулі-возочніцы, якая жыве ў гэтым жа пад’ездзе, гэта адной увогуле не пад сілу. Перамовы з ЖЭСам адносна збудаваньня пандуса пакуль безвыніковыя.

(Валянцін: ) “Я казаў, трэба, каб вось гэты ўхіл быў ня больш за 10 градусаў. Толькі тады можна будзе нарамалёва зьяжджаць. Ну яны кажуць тады табе трэба дзесяцімэтровы пандус рабіць. Ну так, кажу, натуральна. Кажуць, мы табе ня можам гэта зрабіць, будзем чакаць капрамонту, тады нешта можа зробім. Ужо два гады прайшло. Чакаем”.



Для перасяленьня жыхароў дома на час капрамонту ў двары збудавалі шматпавярховік, але таксама без пандуса – нахіленая плацоўкі ля ўваходу ў будынак. Валянцін прасіў зрабіць у гэтым доме пандус яшчэ на пачатку будаўніцтва. Але з Камітэту архітэктуры Менгарвыканкаму прыйшлі лісты, што пандусы для дамоў звычайнага засяленьня не прадугледжаны.

Працягнем наша падарожжа.

(Валянцін: ) “Давайце зьезьдзім у госьці да адміністрацыі Цэнтральнага раёна і ў раённую паліклініку”.



Каля будынку адміністрацыі ёсьць тры месцы для стаянкі аўтамабіляў інвалідаў. Але ўсе яны заняты аўто, на якіх няма знакаў, што яны належаць інвалідам. Падняцца ў будынак спадар Валянцін ня можа. Прыстасаваньнем, якое ёсьць на прыступках, спадар Валянцін карыстацца не рызыкуе.

(Валянцін: ) “Карацей, усё, што можна было зрабіць, зроблена няправільна”.

Валянціну даводзіцца выклікаць прадстаўнікоў адміністрацыі і на вуліцы ў любое надвор’е вырашаць патрэбныя пытаньні. Едзем да паліклінікі №16?

(Валянцін: ) “Тут толькі адзін варыянт. Альбо еду з сябрамі, калі ёсьць магчымасьць у кагосьці мне дапамагчы альбо стаю пад ганкам і прашу ў людзей, якія праходзяць побач, каб мяне запіхнулі наверх”.

Валянцін пакідае запісы ў кнізе скаргаў і раённай адміністрацыі і ў паліклініцы, дасылае туды лісты аднак гэтыя ўстановы так і застаюцца для яго непрыступнымі. Як і многія іншыя: высокія бардзюры, адсутнасьць пандусаў і ліфтоў пазбаўляюць магчымасьці руху.

(Валянцін: ) “Нягледзячы на заканадаўства, Канстытуцыю, дзе напісана пра роўнасьць правоў, закон аб сацыяльнай абароне насельніцтва, дзе дэкляруецца, што ўсе месцы павінны быць даступныя…Я ведаю людзей, якія сядзяць па 10 гадоў дома. За гэты час выходзілі раз-два-тры, нейкая радня дапамагала ці сябры. А ўвесь астатні час – як у турме”.

XS
SM
MD
LG