Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Пашкевіч будзе стала жыць у ЗША


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы

Прынародна зьвінаваціўшы кіраўніка дзяржавы ў распачынаньні вайны з пратэстантамі, колішні намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч зьехаў на сталае месца жыхарства ў ЗША, піша “Наша ніва”.

Іван Пашкевіч быў адным з тых людзей, якія дапамаглі ў 1996 годзе ўчыніць канстытуцыйны пераварот праз прыняцьцё новай рэдакцыі Асноўнага закону. Пасьля ён быў “прызначаны” дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дзе пачаў выказваць нязгоду з палітыкай уладаў найперш у рэлігійных справах. Пасьля сканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў пратэстант Пашкевіч стаў дарадцам старшыні Саюзу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў у Беларусі. На знак пратэсту супраць паводзінаў уладаў у дачыненьні да пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” месяц таму экс-намесьнік старшыні адміністрацыі выступіў з рэзкім лістом на адрас свайго колішняга шэфа.

“Рэгіянальная газета” піша пра здарэньне ў вёсцы Цюрлі, якое забрала жыцьці трох жанчынаў: кіроўца аўтамабіля МАЗ літаральна зьнёс павільён аўтобуснага прыпынку, у якім знаходзілася некалькі асобаў. Апавядае журналіст Сяргей Зянько.

(Зянько: ) “Паводле папярэдняга меркаваньня праваахоўных ворганаў, кіроўца быў нецьвярозым. Пасьля аварыі ён сказаў, што выпіў 200 грамаў віна – ужо пасьля аварыі. І сапраўды: паўпляшкі віна знайшлі ў кабіне. Але кіраўніцтва сельгаскаапэратыву, якому належала машына, заявіла пра тое, што яшчэ з раніцы яго адхілілі ад працы, бо нібыта ад яго пахла сьпіртным. Тым ня менш, ён самавольна сеў і паехаў”.

У Берасьцейскай вобласьці сёлета адзначаюць рост колькасьці новых выяўленых выпадкаў ВІЧ-інфікаваньня, піша “Брестская газета”. Толькі за 10 месяцаў 2006 году зарэгістравана 74 такіх выпадкі. Для параўнаньня, за ўвесь 2005 год – 68 выпадкаў. Як сьведчаць мэдыкі, асноўным шляхам заражэньня ВІЧ па-ранейшаму застаецца карыстаньне агульным шпрыцам, празь які ўводзяцца наркотыкі. Аднак цягам апошніх год расьце колькасьць заражаных полавым шляхам. Пачасьціліся й выпадкі выяўленьня заражаных донараў. На Берасьцейшчыне сёлета такіх было чатыры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG