Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму хаваюць праўду пра “банду Марозава”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў менскім сьледчым ізалятары будзе абвешчаны прысуд удзельнікам гэтак званай “марозаўскай групоўкі”, якая цягам дзесяці гадоў дзейнічала ў Гомельскай вобласьці. Цікаўнасьць да гэтага працэсу тлумачыцца зьвесткамі пра датычнасьць да справы шэрагу высокапастаўленых міліцыянтаў, імёны якіх засакрэчаныя.

Паводле скупых афіцыйных зьвестак, у справе “марозаўскай групоўкі” фігуруюць рабаваньні, захопы закладнікаў, гандаль зброяй і нават некалькі забойстваў. Усяго абвінавачаньні выстаўленыя 46 асобам, у тым ліку некаторым былым міліцыянтам, якія нібыта пакрывалі бандытаў альбо нават наўпрост удзельнічалі ў злачынствах. Але імёнаў ды пасадаў “пярэваратняў у пагонах” дзяржаўныя крыніцы не паведамляюць.

Незвычайным у працэсе выглядае і месца яго правядзеньня – менскі сьледчы ізалятар, былы Пішчалаўскі замак, вядомы таксама як месца расстрэлу асуджаных да сьмяротнага пакараньня. У пракуратуры краіны прычыну правядзеньня суду ў ізалятары патлумачылі вялікай колькасьцю абвінавачаных, а закрытасьць працэсу – пытаньнямі бясьпекі.

Гомельская журналістка Марыя Шыманоўская лічыць, што такі працэс мусіў адбыцца толькі там, дзе рабіліся злачынствы – у Гомелі.

(Шыманоўская: ) “Трэба было адкрыта судзіць, каб людзі ведалі, што адбываецца. Тады б яны адчувалі сябе абароненымі. Гэта б азначала: “Ня бойцеся, мы такога больш не дапусьцім”. А калі гэта робяць цішком ды на тым тле, што Гомель выглядаў такім ціхім горадам, начальства адсюль ішло на падвышэньне, а аказалася вось што – выбухнула, як нарыў прарваў”.

Паводле Марыі Шыманоўскай, у горадзе ведаюць прозьвішчы некалькіх былых высокапастаўленых міліцыянтаў, якія пайшлі ў адстаўку нібыта з-за датычнасьці да “марозаўскай групоўкі”. Аднак адсутнасьць пэўных зьвестак пра ўчынкі гэтых людзей спараджае самыя неверагодныя чуткі.

Дадзеныя, якімі валодае генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб, дазваляюць яму казаць пра тое, што без дапамогі міліцыянтаў “марозаўская групоўка” не магла б дзейнічаць ажно 10 гадоў. Спадар Грыб за тое, каб не хаваць праўду пра злачынствы былых прадстаўнікоў улады.

(Грыб: ) “Кажуць: калі нашкодзіў, то май мужнасьць адказаць за тое, што нарабіў. Але з гэтым ва ўлады праблемы. І такі падыход вельмі шкодзіць яе аўтарытэту”.

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла не выключае, што на абвінавачаных могуць “навесіць” і тое, чаго яны не рабілі, у тым ліку і віну за зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў: “Каб адрапартаваць, што справы зьніклых закрытыя”. У справядлівасьці сёньняшняга прысуду “марозаўцам” Гары Паганяйла сумняваецца.

(Паганяйла: ) “Што значыць працэс ў сьледчым ізалятары? Гэта ж парушэньне прынцыпу незалежнасьці суду, бо судзьдзі аказваюцца ў залежнасьці ад установы, якая зацікаўленая ў абвінаваўчым ўхіле прысуду”.

Старшынём судовай калегіі на працэсе будзе судзьдзя Вярхоўнага суду Фёдар Чубкавец. Чакаецца, што пасьля прысуду да журналістаў выйдуць прадстаўнікі пракуратуры і адвакаты, якія пакуль ад камэнтару адмаўляюцца, спасылаючыся на падпіскі.

Тым часам стала вядома, што ў лютым наступнага году ў Гомельскім абласным судзе пачнецца працэс над сябрамі некалькіх бандыцкіх груповак з Рэчыцы. У справе таксама фігуруюць цяжкія злачынствы, зьдзейсьненыя цягам 12 гадоў, і ўжо вядома, што ў “рэчыцкія групоўкі” ўваходзілі былыя вайскоўцы і міліцыянты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG