Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа беларускага Інтэрнэту – 30 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

Пачнём з агляду публікацыяў на расейскіх рэсурсах. Тэма -- нядаўні саміт кіраўнікоў краінаў СНД і дэмарш журналістаў. “Бацька трапіў ва ўласную пастку” – так завецца артыкул, апублікаваны на расейскім інфармацыйным рэсурсе Utro.ru. Яўген Трацякоў піша пра нэрвознасьць Аляксандра Лукашэнкі. “Што ня дзіўна, -- гаворыцца ў артыкуле, -- бо з аднаго боку яго даціскае Захад, незадаволены “дыктатарскім рэжымам”, зь іншага – Масква, якая жадае атрымаць кантроль над беларускім газаправодам”. Яўген Тацякоў падсумоўвае: “Лукашэнка ня мае жаданьня перадаваць дзяржаўную ўласнасьць у чые-кольвек рукі. А значыць пасьля Новага году цалкам магчымае новае абвастрэньне адносінаў з Масквой”.

На сайце расейскай газэты “КоммерсантЪ” зьмешчаныя фотаздымкі Аляксандра Лукашэнкі, якія выклікалі абурэньне беларускага боку. Тут ёсьць здымкі, дзе кіраўнік Беларусі вельмі сярдзіты, альбо наадварот – выглядае разгублена, альбо прыкладае руку да носу ды іншыя. “Рэдакцыя прапануе чытачам самім вызначыць, на які са сваіх партрэтаў пакрыўдзіўся прэзыдэнт Беларусі”, -- піша “КамэрсантЪ” у подпісе да фотгалерэі.

У байнэце актывізавалася абмеркаваньне тэмы захаваньня аўтарскіх правоў блогераў. Адразу некалькі карыстальнікаў сеціва распавядаюць пра выпадкі, калі беларускія газэты выкарыстоўвалі іх матэрыялы без спасылкі на крыніцу інфармацыі. Так блогер algizzz вінаваціць менскую газэту “Экспресс-Новости» ў выкарыстаньні ягонага фотаздымку. Блогер spitanto цьвердзіць, што ў газэце “Туризм и отдых” палова аднаго з артыкулаў – перадрукоўка зь ейнага блогу, а яшчэ траціна – расповеды іншых карыстальнікаў сеціва. Блогер maryjka_ заклапочаная тым, што (цытую) “ў тутэйшых СМІ зьявілася трывожная тэндэнцыя лавіць халяву за кошт гатовых тэкстаў, хітра маскіруючы гэта пад усемагчымыя "агляды інтэрнэту", і мяркуе што “пытаньне капірайту і абароны аўтарскіх правоў будзе набываць з разьвіцьцём блогінгу ўсё большую актуальнасьць”.

Паэтка Валярына Кустава распавядае пра ў сваім блогу пра выступ перад вучнямі Палітэхнічнага каледжу: “Практычна ўсе слухачы — хлопцы амаль майго веку. Перад тым, як чытаць верш “Кахай мяне па-беларуску...”, апавяла, што калісьці ТБМ ладзіла конкурс на найлепшую прапанову: што можна і варта рабіць менавіта па-беларуску. Я жартам сказала: “Кахаць...” Мой варыянт абралі самым лепшым. Пытаюся: “Хлопцы, што б вы маглі прапанаваць рабіць па-беларуску?” Варыянты такія былі:

1. Размаўляць

2. Чытаць

3. Піць

4. Капаць бульбу

Асабліва мне 4 варыянт спадабаўся. Як сама беларускасьць прагучаў. Неяк тоесна...”

На сайце беларускіх падкастаў Podcasting.by зьявіўся новы аўтар – гомельскі літаратар Сяргей Балахонаў, які выклаў народную песьню ва ўласным выкананьні -- “Ў канвойных вайсках”. Мова твору – трасянка. Кампазыцыя працягвае традыцыю паваееных народных песьняў пра драматычную любоў між дзяўчынай і вайскоўцам.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG