Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 42 дні галадоўкі Аляксандар Казулін схуднеў на 24 кіляграмы


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Віцебскай калёніі працягваецца галадоўка былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які пратэстуе супраць улады Аляксандра Лукашэнкі й дамагаецца разгляду беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. Што вядома пра стан здароўя Казуліна на 42-гі дзень ягонай акцыі?

30 лістапада жонка палітыка Ірына Казуліна тэлефанавала ў калёнію, каб даведацца пра здароўе мужа. “Сказалі, што адчувае сябе па-ранейшаму, ні на што ня скардзіцца. Але ў яго ўпаў ціск, і гэта мяне вельмі непакоіць. Важыць ён цяпер 67 кіляграмаў, а пачынаў галадоўку пры вазе 91 кіляграм”, — паведаміла “Свабодзе” Ірына Казуліна.

Намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Юры Баранкоў дазволіў перадаць у калёнію Казуліну харчы, патрэбныя падчас выхаду з галадоўкі, але адмовіўся прыняць тэлевізар. “Сказаў, што калі галадоўка закончыцца, тады разгледзяць пытаньне пра тэлевізар”, — кажа Ірына Казуліна.

У другой палове дня жонка палітыка сустрэлася з амбасадаркай ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт. Гаварылі сярод іншага й пра тое, ці магчыма выканаць патрабаваньне Аляксандра Казуліна адносна разгляду беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. Вось што апавяла Ірына Казуліна пра гэтую сустрэчу:

(Казуліна: ) “Яна вельмі цікавілася станам здароўя Аляксандра, умовамі яго жыцьця ў калёніі. Я пра гэта ўсё расказала. Мы таксама абмяркоўвалі палітычную сытуацыю ў краіне. Сустрэча прайшла вельмі добра, і спадзяюся, што хутка будзе абвешчаны вынік гэтай размовы”.

Нагадаю, напярэдадні, 29 лістапада, Ірына Казуліна сустракалася з амбасадарам Нямеччыны Марцінам Гэкерам і амбасадарам Францыі Стэфанам Шмялеўскім.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў за хуліганства й арганізацыю беспарадкаў падчас падзеяў 25 сакавіка. З таго дня ён знаходзіцца ў няволі, але вінаватым сябе не прызнае й тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.
XS
SM
MD
LG