Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Маскве працягваюцца перамовы наконт "Белтрансгазу"


Юлія Шарова, Менск Сёньня ў Маскве адбыўся чарговы раўнд перамоваў наконт стварэньня расейска-беларускага сумеснага прадпрыемства на базе газатранспартнага прадпрыемства “Белтрансгаз”. У перамовах бралі ўдзел прадстаўнікі “Газпрому”, “Белтрансгазу”, а таксама экспэрты ўрадавага ўзроўню.

Прэсавая служба “Газпрому” па выніках працоўнай сустрэчы кіраўніка расейскай газавай манаполіі Аляксея Мілера і беларускага віцэ-прэм’ера Уладзімера Сямашкі паведаміла, што бакі абмеркавалі вынікі незалежнай ацэнкі рынкавага кошту газатранспартнай сыстэмы Беларусі і ўмовы паставак расейскага газу ў 2007 годзе.

Умовы стварэньня СП на базе “Белтрансгазу” пакуль не абнародуюцца. Аднак сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі у Менску намесьнік міністра эканомікі Алег Мельнікаў заявіў, што тая ацэнка беларускай газатранспартнай сыстэму, якую зрабіў галяндзкі банк ABN Amro, набліжаецца да цаны, раней названай беларускім бокам. Нагадаем, што гаворка ішла пра 3,5 мільярды даляраў. Расейскі бок ацэньваў “Белтрансгаз” у 600 мільёнаў даляраў.

На думку аглядальнік тыднёвіка “Белорусы и рынок” Тацяны Манёнак, беларускі бок паспрабуе ў выніку выгандляваць ня толькі прыймальныя кошты на прыродны газ, але й таксама нейкія іншыя эканамічныя гарантыі з боку Расеі. Аднак гандаль робіцца больш складаным, бо гаворка ідзе таксама пра цану на сырую нафту: беларуская эканоміка, як вядома, у значнай ступені залежыць ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты.

(Манёнак: ) “Калі гандаль будзе весьціся толькі па пазыцыі прыроднага газу, Беларусі яшчэ можна будзе выгандляваць больш-менш спрыяльныя ўмовы. Але ж мы бачым, што на канец году засталіся нявырашанымі пытаньні па ўмовах дастаўкі нафты. Гэта ня менш вострае й ня менш эканамічна балючае пытаньне. Немагчыма будзе такую прынцыповую пазыцыю займаць па той самай цане. Вельмі цяжка будзе весьці перамовы па абедзьвюх пазыцыях, якія вельмі сур’ёзныя для беларускага бюджэту, для будучых праграмаў эканамічных, якія намаляваў наш урад з улікам папярэдніх коштаў на энэрганосьбіты”.

Раней абвяшчалася пра тое, што сумеснае прадпрыемства створаць да 1 студзеня 2007 году. На думку спадарыні Манёнак, гэта сапраўды магчыма. Да таго ж “Газпром” не зацікаўлены ў пераносе перамоваў у гэтым пытаньні на наступны год: расейская газавая манаполія цяпер у даволі складаных адносінах з эўрапейскімі спажыўцамі, перакрываць падачу газу ў беларускім кірунку “Газпрому” ня выгадна. Адна магчыма, што перамовы ўсё ж зацягнуцца, кантракт да дастаўку паліва ў Беларусь падпішуць на паўгода, каб змусіць беларускі бок прыняць канчатковае рашэньне летам 2007-га, мяркуе Тацяна Манёнак.
XS
SM
MD
LG