Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудзецца вечарына Генадзя Бураўкіна?


Валянціна Аксак, Менск Сёньня а 19-й гадзіне ў менскім Палацы мастацтва мае пачацца літаратурная вечарына паэта Генадзя Бураўкіна. Аднак яе правядзеньне пастаўленае пад пагрозу.

На вечарыне да 70-годзьдзя спадар Бураўкін хацеў чытаць новыя вершы. З адміністрацыяй Палацу мастацтва было дамоўлена, што гэта будзе выключна паэтычна-музычная імпрэза, і ні пра якія палітычныя праблемы на ёй згадак ня будзе.

Аднак сёньня Бураўкіну патэлефанаваў старшыня Саюзу беларускіх мастакоў Уладзімер Басалыга і паведаміў непрыемную навіну:

( Бураўкін: ) “Мне патэлефанаў Валодзя Басалыга — гэта быў званок сяброўскі, і сказаў, што перад ім ляжыць папера пра тое, што з трох гадзін дня і “до окончания работ” Палац мастацтва “будет отключен от электроснабжения”.

Палац мастацтва належыць творчаму аб’яднаньню мастакоў. Ягоны старшыня Ўладзімер Басалыга ў сярэдзіне дня сказаў нам, што цяпер заняты тым, каб ўвечары сьвятло ў Палацы мастацтваў усё ж не было адключанае.

(Басалыга: ) “Навіна была непрыемная, і я да гэтага часу ня ведаю, як складуцца абставіны. Трэба чакаць той гадзіны — сем вечара, калі мы прыйдзем туды. Ці адключаць там сьвятло ці не — ня ведаю”.

Хто распарадзіўся адключаць сёньня ў Палацы мастацтва сьвятло — спадар Басалыга адмовіўся гаварыць.

Абвесткі пра вечарыну былі ў “Народнай Волі”, “Нашай Ніве”, іншых сродках масавае інфармацыі й людзі адгукнуцца на іх. Прыйдуць да Палацу мастацтва і запрошаныя асабіста паэтам знаныя пісьменьнікі й музыкі. Генадзь Бураўкін зьбіраецца сустракаць іх.

(Бураўкін: ) “Буду там на гэтых прыступках. Думаю, што прыйдуць людзі… Ну адзінае, што ў сувязі з гэтым усім там могуць быць і амапаўцы. Ну што ж, калі так трэба ў наш час, хай будзе так”.
XS
SM
MD
LG