Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адзначылі юбілей Таварыства беларускай школы


Сяргей Астраўцоў, Горадня 85-ю гадавіну стварэньня ў Заходняй Беларусі Таварыства беларускай школы сёньня адзначылі ў Горадні. Вечарыну арганізавала гарадзкая філія грамадзкага аб’яднаньня ТБШ.

Намесьнік кіраўніка гарадзкой філіі ТБШ Валеры Задаля зазначае, што высілкі заходнебеларускай арганізацыі не былі марныя, іхняя праца не забытая.

(Задаля: ) “Вазьмі кнігу “Памяць” любога раёну Гарадзенскай вобласьці — абавязкова ёсьць артыкул. Карацей, кожны раён меў моцныя структуры ў свой час. Колькі выдавалася газэтаў, брашураў, бюлетэняў. Колькі разоў сам Тарашкевіч выступаў у Горадні, у Ваўкавыску, у Скідэлі — ужо будучы паслом польскага сойму”.

Спадар Задаля зазначае, што ў раённых музэях, напрыклад, у Карэлічах, у экспазыцыях таксама адлюстраваная дзейнасьць ТБШ. А работу яе гурткоў у былым Гарадзенскім павеце вывучае кандыдат гістарычных навук Сяргей Токць. Ён узяў здымак скідэльскага гуртка, зроблены ў 1927 годзе, і дасьледаваў жыцьцё яго удзельнікаў. Кіраваў гуртком Пётра Сяўрук, ён штодня рабіў зацемкі — літаратурныя, філязофскія, якія ягоныя сваякі здолелі захаваць і якія варта выдаць, лічыць гісторык.

(Токць: ) “Гэта адзін з самых цікавых эпізодаў нашай гісторыі, калі актывісты гурткоў ТБШ, як я пераканаўся прынамсі на прыкладзе Скідэля і Берштаў, вялі самаахвярную працу, працу, якая, па-сутнасьці, дапамагла выжыць беларускасьці ў ХХ стагодзьдзі выжыць падчас усіх жахлівых падзеяў”.

Спадар Токць зазначае: Пётра Сяўрук быў перакананы антыкамуніст, выступаў супраць уплыву на беларускіх рух з боку КПЗБ, спрабаваў аб’яднаць працу ўсіх гурткоў ТБШ Гарадзенскага павету, якіх было каля пяцідзесяці. Пачаў ён актыўна дзейнічаць, калі яму быў 21 год, памёр у 24.

Яго арыштоўвала і зьбівала паліцыя. Сёньня таксама вядомыя факты, калі міліцыя затрымлівае за беларускую мову.

(Токць: ) “Безумоўна, праблема людзей, якія размаўляюць на беларускай мове, застаецца заўсёды. Чалавек, які ў штодзённым жыцьці размаўляе на беларускай мове, бярэ на сябе цяжар, які пагражае непрыемнасьцямі. Гэта патрабуе пэўнай мужнасьці, патрабуе ад чалавека быць падрыхтаваным да самых розных удараў лёсу”.

Сяргей Токць зазначае, што дзейнасьць ТБШ дасьледаваная недастаткова і варта было б запісаць успаміны людзей, якія яшчэ памятаюць той час.

Таварыства беларускай школы было створанае ў 1921 годзе. Сярод першых кіраўнікоў быў Браніслаў Тарашкевіч. Таварыства выдавала “Бюлетэнь ТБШ”, часопіс “Летапіс ТБШ”, газэту “Шлях”. Польскія ўлады перасьледавалі арганізацыю, у 1933 годзе ў Вільні адбыўся судовы працэс над сябрамі Галоўнай управы ТБШ. Польскія ўлады забаранілі арганізацыю 2 сьнежня 1936 году.



На здымку: у гэтым месцы на былой плошчы Стэфана Баторыя, цяпер Савецкай, выступаў адзін з кіраўнікоў ТБШ Браніслаў Тарашкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG