Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Свабодны тэатар” адкрывае Нобэлеўскага ляўрэата Гаральда Пінтэра


Іна Студзінская, Менск Сёньня беларускай публіцы будзе прадстаўлены новы спэктакль “Свабоднага тэатру” “Быць Гаральдам Пінтэрам”. “Свабодны тэатар”, нагадаю, створаны больш за год таму прафэсійнымі беларускімі акторамі, рэжысэрамі, драматургамі. Зараз у рэпэртуары – шэсьць спэктакляў. У Беларусі тэатар ня мае ні памяшканьня для рэпетыцыяў, ні сцэны, ні фінансаваньня. І спэктаклі вымушаны паказваць на розных пляцоўках – у барах, “чырвоных кутках” інтэрнатаў, пастаянна хаваючы да апошняга месцы паказу. Сёньня прыхільнікі тэатру пра месца дзеяньня таксама даведаюцца ўсяго за некалькі гадзінаў да прэм’еры.

Затое спэктаклі “Свабоднага тэатру” з посьпехам ідуць за мяжой: у Рызе, Маскве, Хэльсынкі, Нью-Ёрку. У Парыжы 16 лістапада, у Дзень салідарнасьці, быў паказаны спэктакль “Пакаленьне Jeans”. Гаворыць адзін з заснавальнікаў тэатру, прадусар Мікалай Халезін.

(Халезін: ) “Чым лепш залі ў Эўропе, тым горш тут. Там мы ў самых лепшых залях, Францыя бясконца запрашае, Парыж, Сэн-Эцьен… А тут усё горш ды горш, месцаў наагул няма, дзе іграць”.

Гаральд Пінтэр – вядомы ангельскі драматург, які ў 2005 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Новы спэктакль “Свабоднага тэатру” складаецца з чатырох невялікіх п’ес Пінтэра, фрагмэнтаў зь ягонай Нобэлеўскай прамовы. А яшчэ з урыўкаў лістоў маладых беларусаў, затрыманых на Кастрычніцкім пляцы падчас вядомых сакавіцкіх падзеяў. Распавядае рэжысэр “Свабоднага тэатру” Уладзімер Шчэрбань.

(Шчэрбань: ) “Спэктакль быў створаны пры падтрымцы сэра Тома Стопарда, які яшчэ год таму прапанаваў нам зрабіць па п’есах Гаральда Пінтэра спэктакль. Сам Гаральд Пінтэр даслаў да нас ліст, у якім піша, што ён у захапленьні ад нашай ідэі працаваць над ягонымі творамі, аддаў нам усе правы на выкарыстаньне сваіх тэкстаў і зьбіраўся нават сам прыехаць у Менск, але ў яго цяжкі стан здароўя, ён дастаткова сталы чалавек. Зараз на прэм’еру ён да нас не прыедзе, але, магчыма, вясной мы яго пабачым ў Менску”.

(Карэспандэнтка: ) “Мне падаецца, гэта вельмі складана – 4 п’есы, Нобэлеўская прамова, дакумэнтальныя лісты – як вам гэта ўдаецца спалучыць ў адным відовішчы?”

(Шчэрбань: ) “Вось дзеля гэтага і трэба прыходзіць на спэктакль, каб зразумець, як гэта ўсё можна зрабіць”.

Сапраўды, здавалася б, у спэктаклі спалучаюцца даволі розныя рэчы – п’еса пра іракскую турму Абу-Грэйв і лісты беларускіх палітвязьняў, якія трапілі ў турму на Акрэсьціна. Але ў спэктаклях “Свабоднага тэатру” абавязкова прысутнічае, так бы мовіць, беларускі кантэкст, кажа Уладзімер Шчэрбань.

(Шчэрбань: ) “Мы ўзялі Гаральда Пінтэра, ягоныя творы не дзеля таго, каб распавядаць пра ангельцаў. Зразумела, дзеля саміх сабе. І спэктакль будзе ісьці пад дэвізам “Спыніць гвалт!”. Гэта могуць быць узаемаадносіны паміж бацькам і сынам, паміж мужчынам і жанчынай, а таксама гэта палітычны гвалт”.
XS
SM
MD
LG