Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СНД патрэбныя не рэаніматары, а патолягаанатамы”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за аўторак, 28-га лістапада. 24 г адзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Аляксандр, Смалявічы: ) "Па-першае, хачу падзякаваць расейскім журналістам за акцыю на саміце. Малайцы, проста малайцы! Лукашэнка ўжо даўно лічыць нас за быдла, што хоча, тое і творыць. І тут думаў, так пройдзе, але не, не прайшло. Абгадзілі чарговы раз на ўвесь сьвет. Па-другое, хочацца выказаць сваё ўражаньне наконт таго, які парадак учора дзейнічаў у Менску. Такой непавагі да жыхароў сталіцы я ўжо даўно ня бачыў. Шматгадзінныя пробкі на дарогах, натоўпы людзей на прыпынках. Мэтро! Станцыю “Кастрычніцкую” і тую зачынілі! Ад каго?! Калі мы ім перашкаджаем, хай нас высяляць куды-небудзь. Напрыклад, на Месяц. Але не, не атрымаецца – спадарожнік жа ляснуўся. Ды і мы не паляцім нікуды з роднай дзяржавы. Хай лепш сам ляціць туды або ў Шклоў і там праводзіць свае нікому не патрэбныя саміты. А лепш ва Вэнэсуэлу, ці ў Іран, ці на Кубу да свайго сябра па розуму. За адно і павіншуе яго зь Днём нараджэньня. І хай там застаецца назаўсёды".

(Спадар: ) "У той дзень Менск туманам сустрэў і праводзіў 11 кіраўнікоў краінаў сябраў СНД. Яны, па афіцыйных зьвестках, зьляцеліся да нас, каб зноў паспрабаваць рэфармаваць гэты фантом пад назвай “СНД”. Нейкім стылем і тленам таталітарызму дыхнула зь Менску на тэлегледачоў, у сувязі з ганебнай помстай беларускіх уладаў незалежным расейскім журналістам. І прыемна, што адказ расейцаў быў неадкладны, рашучы і годны. І зноў Туркменбашы Ніязаў у чарговы раз праігнараваў Менскі саміт СНД, тым самым настойліва паказваючы, што СНД даўно патрэбны зусім не рэаніматары, а патолягаанатамы. Сапраўды, успамінаецца, як 15 год таму гэтая самая СНД зьявілася на сьвет, калі не мёртванароджаным, то несумленна, пасьпешна зачатым і неданошаным дзіцём. Нарадзілася пад расейскім каўпаком, хоць і замест загнілага камуністычнага СССР, але ўсё ж ва ўлоньні…Гэта так паказальна, што за 15 год хваравітага існаваньня СНД больш 70 адсоткаў ягоных дакумэнтаў засталіся нявыкананымі".

(Уладзімер Васілец: ) "Шкада Казуліна. 45 дзён ня есьць. Здаецца, разумны чалавек. Спраўна выкідаў студэнтаў за пікеты, дэманстрацыі. Шкада, што пайшоў у апазыцыю з-за асабістых амбіцыяў… Разумныя трэба, каб сядзелі і кіравалі. Шкада Казуліна".

(Ларыса, Менск: ) "Калі Аляксандр Казулін слухае “Свабоду,” дык я хачу асабіста зьвярнуцца да яго, каб ён спыніў галадоўку, бо стан здароўя пагоршыцца. Ужо шмат грамадзянаў да яго зьвярталіся з такой прапановай. Аляксандр, пашкадуйце сваіх блізкіх! Калі слухаю голас Ірыны Казулінай, дык гэта ж крык душы чалавека, які ў адчаі за лёс і жыцьцё свайго мужа. Эўразьвяз усё ведае, але паўплываць на наш урад ён так хутка ня зможа. Трэба пэўны час пачакаць. Але сваёй галадоўкай Вы абудзілі многіх. Яны таксама далучыліся да Вашай галадоўкі, каб Вы спынілі яе. Вы даказалі, што Вы мужны чалавек і заслугоўваеце павагі. Спыніце галадоўку і адстойвайце свае правы, і ў неўзабаве будзеце на свабодзе. Вас падтрымлівае шмат людзей. А Сідорскі Вашую прапанову наўрад ці зможа выканаць, бо ў яго няма такіх паўнамоцтваў. Гэта, на мой погляд. У палітыцы я разьбіраюся слаба, але так мяркую".

(Спадарыня: ) "Пры нашым касьцёле ёсьць такая супольнасьць, апостальская дзейнасьць такая “Легіён Сьвятой Марыі”. Я на гэтым тыдні ўзяла абавязак, узяла заданьне ад свайго легіёну маліцца за Аляксандра Казуліна да Маці Божай, каб ён вытрымаў, каб ён зрабіў тое, што перад сабой паставіў, каб Бог даў яму сілы. Трымайцеся, мілыя! Я за Вас малюся".

(Спадарыня: ) "Вар''яцтва храбрых – вось мудрасьць жыцьця. Сёньня гэта не каструктыўна. Аляксандр Уладзіслававіч, не адрывайцеся так далёка ад жуючых па раскладу народных масаў. Каб засмуціць праваслаўных атэістаў, адкіньце да чорту гэты сындром Данка, прыдуманы Горкім, і завяршыце галадоўку сваім валявым рашэньнем".

(Спадар: ) "Я хацеў Вам паведаміць, мае шаноўныя. Учора я праслухаў цудоўную паэзію Данільчык. Я быў проста ў захапленьні. Настолькі прыгожая, разумная, высакародная ўся яе творчасьць. Дзякую. Перадайце ёй маё прывітаньне, маё шанаваньне. І я хацеў бы мець кніжачку зь яе паэзіяй у сябе дома".

(Анастас Семяновіч: ) "Вельмі шаноўны і дарагі Аляксандр Уладзіслававіч Казулін! Я Вас вельмі прашу: паспрабуйце выйсьці з галадоўкі, калі ўжо ня позна. Вы сваёй сьмерцю зробіце лукашыстам вялікае сьвята. Яны на працягу тыдня будуць піць і радавацца Вашай сьмерці. А Вы ж патрэбныя нашай роднай Беларусі здаровым. Наперадзе стаяць вялікія задачы па вываду эканомікі з крызісу. Сёньня, калі Расея падніме кошты на газ да сусьветных, то бок 220-240 даляраў за тысячу кубоў газу, эканоміка будзе ляжаць разьбітай. Вашую сьмерць лукашысты, то бок галоўны начальнік, будзе тлумачыць, што яго судзіў суд па закону, прынятым палатнікамі. Але палатнікі прызначаныя ім, і яны гатовыя прыняць любы закон, толькі дай ім каманду. І гэта замкнёнае кола. Я яшчэ раз зьвяртаюся да Вас. Падумайце пра Беларусь і сваю родную сям’ю. Дзякуй за ўвагу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG