Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзітрыкі: “У нас галасуюць, а пасьля галосяць”


Віталь Сямашка, Дзітрыкі Нядаўна незалежны часопіс “Лідзкі летапісец” скончыў друкаваць унікальнае дасьледаваньне гісторыі вёскі на Лідчыне — “Дзітрыкі: згукі заснуўшай цывілізацыі”. 82-гадовы колішні настаўнік фізкультуры, краязнаўца з прызваньня, патомны Дзітрыкавец Мікалай Мікалаевіч Дзікевіч працаваў над дасьледаваньнем тры гады. Пражыў багатае на падзеі жыцьцё, запісаў і сьведчаньні вяскоўцаў розных пакаленьняў.

Дарэчы, сучасныя Дзітрыкі складаюцца з трох вёсачак, што месьцяцца за кілямэтар адна ад адной — Новыя Дзітрыкі, Жомайдзі ды ўласна Дзітрыкі. Так што можна ацаніць любоў да малой радзімы спадара Мікалая, які, нягледзячы на век ды хваробы, пагадзіўся выправіцца са мной у пешую вандроўку. Мы сустрэліся на чыгуначным пэроне, дзе мой будучы гід паведаміў апошнюю навіну. На жаль, невясёлую для 115 жыхароў вёскі, дзе амаль усе пэнсіянэры.

(Дзікевіч: ) “Тут працавала паштальёншай жанчына — насіла пэнсію ў Жомайдзі ды Дзітрыкі. А адзін чалавек з Зарачан прыбіў яе тапорыкам пажарным, доўга адбіраў у яе сумку, дзе аказалася ўсяго тры тысячы рублёў. Далі яму пажыцьцёвае зьняволеньне. А пасьля гэтага паштальёны пэнсіі ня носяць. А прызначаецца адзін дзень — і начальнік на машыне прывозіць”.

Не спыняючы хады, мой суразмоўца дае кароткую гістарычную даведку:

(Дзікевіч: ) “Нам у школе пры Польшчы тлумачылі, што рабілі дзіды продкі — адсюль Дзітрыкі. А ў музэі тлумачаць, што ад вёскі Дзітва. Дакумэнтальна 200 гадоў існуюць, а, магчыма, і больш… Тут зямля самая лепшая! Во гэтую студню выкапалі без устаўкі калец”.

Гэта мы увайшлі ў Новыя Дзітрыкі, дзе дзядзьку Мікалая як роднага сустракаюць амаль 70-гадовыя цёткі Аўгенія Мурына ды Ірэна Ўрбановіч.

(Спадарыні: ) “А мой ты Колічак!.. Дажываем ужо, вёска дабіваецца да ручкі. Во пагараць наняць — і няма каго, ні каня, ні трактара. Хочаш садзі бульбу, хочаш — не, усе пасьля шасьцідзесяці. Во ня можам, але ўсё роўна садзім, нешта робім, каб кветачкі расьлі. Тэлефон яшчэ праводзім… Дзеці казалі: мама, мы цябе ў Ліду забярэм. Дай Божа ў хаце сваёй жыць”.

Ізноў мы ў дарозе. На час не зважаю, бо Дзікевіча можна слухаць бясконца.

(Дзікевіч: ) “Зь Дзітрыкаў у паліцаях нікога не было, у партызанах два чалавекі. А вось восем чалавек тут расстралялі акаўцы. У 1944 годзе ўвесну ноччу прыехалі. Во ў Урбана (Сашам звалі) дачка, жонка ляжалі на ложках хворыя, а сын на падлозе — іх так і забілі. А яго завезьлі ў Беліцу і там расстралялі. А сын Коля схаваўся пад ложак і застаўся жывы. Хтосьці выступаў на сходах 39—41-х гадоў, ганіў польскія парадкі, як, напрыклад, Буйніцкі, казаў: “А цяпер нам добра будзе жыць”. Буйніцкую расстралялі, бо ён у жыце схаваўся: няма яго, цябе заб’ем”.



Мы ў Жомайдзях, дзе знаёмімся з 71-гадовым Канстанцінам Урбановічам. Гаспадар частуе цудоўным ліпавым мёдам, які, здаецца, гоіць усё ўнутры. Кажа спадар Канстанцін:

(Урбановіч: ) “Бацька яшчэ займаўся пчалярствам, пакінуў мне дзесяць вульляў. Вядры два — літраў дваццаць даюць кожны, усяго дзьвесьце літраў. Бяруць па два вядры за раз! Бацька быў унівэрсал — боты вырабляў са скуры, каваль — сярпы ды плугі, сталяр — усё рабіў па дрэве, тады дзёгаць зь бярозы гналі, круціў папругі. Нават мог ткаць, вышываць, прасьці, граў на акардыёне, цымбалах, а закончыў скрыпкай. Толькі адным бацюшкам ня мог!”

Спадар Урбановіч, электрык па спэцыяльнасьці, адбыў, як ён кажа, дваццаць пяць гадоў дэпутатам сельскага савету, два гады — райсавету. У часе размовы пра палітыку ня вытрымала й жонка — 65-гадовая спадарыня Ірына.

(Канстанцін і Ірына: ) “Каб яны слухалі, што падказвалася! Лайкевіч Іван Іванавіч рабіў старшынём у нас у 1990-я гады. Пры ім пазакрываліся фэрмы. Сабе паставіў два катэджы, а каровы з хлявоў усе прадаў. Потым прыняў Каравайка, кажу: табе торбу далі дзіравую, ты памрэш тут, не залатаеш. Яны мяне баяліся як агню, бо выступаў у вочы… А што — дадуць копаці крыху, і на гэтым канец. Карупцыянэры перамаглі”.

Згадваю, што ў аповедзе Дзікевіча рэфрэнам гучала — “сяляне захварэлі на камунізм”. Прашу спадара Мікалая патлумачыць.

(Дзікевіч: ) “У 1939 годзе расьпісвалі райскае жыцьцё. Дык нашто ж рабіць — парабіў у калгасе, і ўсё. Так расьпісвалі палітработнікі. Ды яшчэ выхаваньне: гаварылі, дзяржава усё нам дасьць. Не выхоўвалі гаспадара, каб ён за сябе й пра сябе думаў. На засьценкі пайшлі. Людзі лепш сталі жыць, больш часу стала, але дзе дзяваць свае свабодныя рукі?! Летам некаторыя рабілі на шашы, чыгунцы. Але галадухі ніколі не было. Самагон сталі гнаць павальна. Я ня помню, каб былі такія загулы, як цяпер — з раніцы да вечара, з панядзелка да суботы”.

Чарговая сустрэча — як пад сказанае. Мне спачатку не паверылася, што ў гэтай хаце на ўскраіне жывуць людзі. Павалены хлеў. Перакошаныя шыбіны бяз шкла. Трэснуты падмурак. Толькі сабачка, што выбег, прымусіў мяне наўздагад адчыніць дзьверы. 59-гадовая бамжаватага выгляду жанчына кажа, што пяць гадоў таму прыехала зь Літвы з 39-гадовым сынам. Голас Любові Станюс дрыжыць.



(Станюс: ) “Сын хворы — цыроз печані, не ўстае. Сьвятла няма — нам адрэзалі за пяць гадоў. На лямпе жывем. А як бедны чалавек, ніякай дапамогі— а каму гэта трэба? Жыўнасьці не трымаем, во сабаку нядаўна прывялі. Раней каровы даіла, вартавала. Сын пасьвіў, гной качаў. Сядзім на бульбе, во бурак, капусту вырасьцілі каля хаты, фасоля. Во кажуць усе — п’яніцы, п’яніцы. А на тых п’яніцах уся фэрма стаяла! Ніхто не зьвяртае цяпер увагі”.

Далей ідзем моўчкі. Але праз хвіліну загаворваем разам. Далучаецца старшыня аб’яднанай філіі Партыі БНФ на Лідчыне Ўладзімер Круцікаў, які прыехаў сюды са мной.



(Круцікаў: ) “У нас зьявіліся пасяленцы з Прыбалтыкі. Ім там давалі зямлю, яны аказаліся няздольныя працаваць. А прыехалі сюды, бо ёсьць калгасы, дзе можна дрэнна рабіць і атрымліваць нейкую капейчыну. Пры падзеньні рэжыму я ня ведаю, чым будуць займацца. Ну вокны ў хаце можна зашкліць, сьмецьце з брудам павыкідаць!”

(Карэспандэнт: ) “Зьвярніце увагу: гаспадыня казала, што сына кормяць, калі ежа зьявіцца, а, калі не, як яна кажа, пластом ляжыць”.

(Дзікевіч: ) “Дык пляшкі ж у ваньне адмакаюць, бачылі ж. Чым займаюцца — п’юць!”

Урэшце, мы непасрэдна ў Дзітрыках. Мікалай Мікалаевіч прадстаўляе яшчэ аднаго свайго героя — 84-гадовага Канстанціна Канстанцінавіча Федзюковіча. Вэтэран Другой усясьветнай. Стаж будаўніка сорак два гады. Акурат перад нашым прыходам зламаў нагу. Доктара не выклікаў. Называе сябе “паслухмяным, рахманым беларусам”. Але ў часе размовы мне чамусьці згадалася показка пра таго, што “прыцярпеўся на цьвіках” — такая інтанацыя ў ягоных успамінах.



(Федзюковіч: ) “Ранены адзін раз, сядзіць аскепак у руцэ, але не пайшоў нікуды. А яно мне ня шкодзіла, так і засталося… Стрэліся з амэрыканцамі на Эльбе. Сталі пераходзіць. Я не пайшоў — без каманды нікуды не хадзіў. Атрымаў ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай першай ступені”.

(Карэспандэнт: ) “А за што канкрэтна?”

(Федзюковіч: ) “За што — падчыняўся: куды пашлюць, там і быў. Начальства перавозіў”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас за гэтыя гады да Сталіна зьмянілася стаўленьне?”

(Федзюковіч: ) “Не, нармальна. Прачытаў абіднае, што сваіх зьнішчалі. А як ваявалі за Сталіна, песьні сьпявалі — “З намі Сталін радной, ён жалезнай рукой”. Так і думаю, што ён вайну выйграў, ён жа камандуючым быў”.

(Карэспандэнт: ) “А хто ваш дэпутат, ня ведаеце?”

(Федзюковіч: ) “Не, нам не патрэбны, не вырашае нічога”.

У 1946—1947-я Дзікевіч працаваў сакратаром Меераўскай выбарчай камісіі, што на Івейшчыне. Раптам ён згадаў пра гэта сам. І вось чаму:

(Дзікевіч: ) “Пры Сталіну было троху дэмакратыі — нешта гаварылі, і па-беларуску ўсе пісалі. А цяпер па-замежнаму, і даўно абрана усё. Пры Сталіну езьдзілі па вёсках, сходы рабілі. У 1939 годзе, я помню, цэлая хата была набіта. Дык палітрук кажа: давайце на вуліцу выйдзем. А цяпер на вёсцы ў краме пяць-шэсьць чалавек зьбяруцца, скажуць — во таго будзем, і ўсё”.

Зьдзівіў былы сакратар выбаркаму й паведамленьнем, што не было, маўляў, распрапагандаванага “адзінства партыі і народу”.

(Дзікевіч: ) “Бывала, пісалі “Няхай жыве Сталін!”. Але бывала, выбаршчык узяў бюлетэнь, пайшоў у нужнік, падцёр, дзе трэба, склаў упоперак і ўкінуў… Галасаваць і выбіраць — людзі не разумеюць. Што галасаваць — гэта крычаць, сьпяваць. У нас вы-ба-ры! А выбары — хаця з двух. А ў нас галасуюць, а пасьля галосяць…”

Не галосяць у Дзітрыках, да прыкладу, у сям’і адзіных тут фэрмэраў — 40-гадовых Алены ды Віктара Бутурлёў зь дзьвюма дочкамі-падлеткамі. Пяць гадоў таму сышлі з калгасу, узяўшы ў арэнду на дзесяць гадоў 4 гектары зямлі. Адначасова працуюць сацыяльнымі работнікамі, абслугоўваюць на сваім мікрааўтобусе 23 нямоглых старых, жытло якіх раскіданае на сорак кілямэтраў. Гандлююць гароднінай. Кажа гаспадыня Алена:

(Алена: ) “Многа што вяскоўцы купляюць. Бульбу продаем, капусту, моркву, цыбулю. Абзвоньваем знаёмых і завозім ім у хаты. Стварылі сваю дылерскую сетку! Людзі ведаюць, што наш тавар са свайго гароду, хімпраполкі не выкарыстоўваем, і пастаянныя пакупнікі нават зь Менску”.



Усе разам заводзім гаворку пра мінулае, якое яшчэ болем адгукаецца Бутурлям, і сучаснае, што наступае.

(Алена: ) “Калгасная сыстэма сабе зжыла. Проста кіраўнікоў добрых ня стала, і людзі сталі рабіць абы-як. Быў у нас старшыня Радзецкі, і тады ўсё было, але ён і начамі мог прыехаць праверыць, што на фэрме робіцца”.

(Віктар: ) “Нават у Дзітрыках правялі б газ — людзі б адсюль не паехалі. Бо ў нас ёсьць дарога, майстэрні былі”.

(Круцікаў: ) “Усё-ткі хай фэрмэрскіх гаспадарак болей будзе — і старым дапамагаюць, і нейкая капейка людзям будзе”.

(Алена: ) “Мы ўзялі на сябе, бо калгас ня робіць!”

(Карэспандэнт: ) “А пры сучаснай сыстэме ці магчымае зьяўленьне кіраўнікоў, якія б думалі пра агульнаграмадзкую карысьць?!”

(Дзікевіч: ) “Не. Іх не рыхтуюць. Трэба, каб чалавек вырас на зямлі, пальцамі яе перабіраў — тады зь яго будзе гаспадар”.

(Віктар: ) “Канечне, калі ён думае пра кар’еру, як для сябе ўсё ўстроіць, якія могуць быць людзі?! Суседка ўзімку 40 тысяч зарабляе. Добра — бульба свая, сьвіньні, а так паміраць! І горш за ўсё тое, што яны адказваюць толькі перад вышэйшай вэртыкальлю”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы сваю пэрспэктыву ў Дзітрыках бачыце?”

(Алена: ) “Колькі будзе сілаў, столькі зможам рабіць. Але без падмогі маладых нам таксама доўга не працягнуць. Туляцца дзяўчаты — самі бачылі, як у гародзе працуюць, за зямлю баліць. Моладзь пры наяўнасьці б працы вярнулася дахаты — і калгасныя тры дамы пастаўленыя. У нас у вёсцы яшчэ 30 кароў было. Людзі чатыры каровы трымалі, і цяпер яшчэ некаторыя. Я лічу, што будуць сьпяваць і пеўні , і вясельляў шмат будзе грацца ў Дзітрыках”.
XS
SM
MD
LG