Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі саміту СНД у Менску?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасць” Аляксандар Старыкевіч зь Менску і журналіст Віктар Дзятліковіч з Масквы.

(Валер Карбалевіч: ) “Падаецца, што пра ўсе саміты СНД можна гаварыць адно й тое ж. І парадак дня амаль аднолькавы — зь невялікімі варыяцыямі. Напрыклад, тое ж пытаньне пра рэфармаваньне СНД ужо колькі гадоў абмяркоўваецца з аднымі й тымі ж вынікамі — дакладней, вынікаў няма. І дакумэнты, якія падпісваюцца, звычайна ня ўзроўню прэзыдэнтаў. А якое вашае ўражаньне ад цяперашняга менскага саміту?”

(Аляксандар Старыкевіч ) “СНД як міждзяржаўнае аб’яднаньне даўно не існуе, а захоўваецца толькі ў выглядзе палітычнага клюбу. Калі зьвярнуць ўвагу на ўчорашнія навіны пра саміт, то большасьць зь іх тычыцца перамоваў паміж прэзыдэнтамі. Гэта, напрыклад, сустрэча прэзыдэнта Расеі Пуціна й прэзыдэнта Малдовы Вароніна, сустрэча Пуціна й Лукашэнкі, трохбаковая сустрэча Лукашэнкі, Юшчанкі й Аліева. А пра рашэньні непасрэдна саміту СНД сказаць няма чаго”.

(Віктар Дзятліковіч: ) “Сапраўды, мэдыі зьвярталі ўвагу больш на кантакты прэзыдэнтаў. Прынамсі для мяне, як чалавека, які жыве ў Маскве, адзіны практычны вынік саміту ў тым, што па выніках сустрэчы Пуціна й Вароніна малдаўскае віно можа зноў прадавацца ў Расеі. Нічога больш цікавага там не было”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, што было б больш рацыянальным не займацца імітацыяй, а аб’явіць пра існаваньне СНД у новым фармаце, у выглядзе клюбу, пляцоўкі для сустрэчаў кшталту Судружнасьці нацыяў пад эгідай Вялікай Брытаніі.

Самым цікавым на саміце быў скандал з расейскімі мэдыямі. Ануляваньне акрэдытацыі тром расейскім журналістам — гэта ня толькі помста газэтам “Московский комсомолец” і “КоммерсантЪ”, гэта пстрычка па носе Пуціну. Бо гэта журналісты з прэзыдэнцкага пулу кіраўніка Расеі. У канфлікт умяшаліся кіраўнік прэс-службы Пуціна і нават, як паведамляе “Московский комсомолец”, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі — але безвынікова. Калі прэзыдэнцкая каманда ня можа абараніць сваіх журналістаў, то гэта публічная абраза. Як можна пракамэнтаваць гэтую сытуацыю?”

(Старыкевіч: ) “Так, гэта абраза, але ня першая — у тым ліку, і Пуціна. Гэта было зроблена цалкам сьвядома. Нельга сур’ёзна казаць пра тэхнічныя непаразуменьні, як адзначыў Пуцін пасьля сустрэчы з Лукашэнкам са спасылкай на беларускага кіраўніка. Як і выказваньні выканаўчага сакратара СНД Рушайлы ў інтэрвію Інтэрфаксу, нібыта не хапіла ў залі месцаў тром журналістам. Гэта сьмешна.

Гэта стыль паводзінаў афіцыйнага Менску. І цяпер Лукашэнка вырашыў прадэманстраваць, хто ў доме гаспадар. Сэнсу ў гэтым асаблівага няма. Але й ніколі асаблівых стратаў Лукашэнка не цярпеў”.

(Дзятліковіч: ) “Наколькі я ведаю, за некалькі дзён да саміту ў гэтую сытуацыю спрабаваў умяшацца міністар замежных спраў Расеі Лаўроў. Такім чынам, відаць, усё кіраўніцтва РФ было паінфармавана пра гэтую праблему. Але паўплываць не атрымалася. Падаецца, што рашэньне расейскіх журналістаў сысьці з саміту было ўзгоднена з кіраўніком прэс-службы й адміністрацыі прэзыдэнта Расеі”,

(Карбалевіч: ) “Кіраўніцтва Расеі ўспрыняло гэтую сытуацыю як абразу — пра гэта сьведчыць і дэманстрацыйны сыход усіх расейскіх журналістаў з саміту, што, можна меркаваць, сапраўды адбылося не без удзелу прэс-службы Пуціна, і адмова прапусьціць журналістаў беларускіх тэлеканалаў на брыфінг расейскага прэзыдэнта ў менскім аэрапорце. Але ці не падаецца вам, што адказ быў вельмі дробязны — хутчэй у стылі Лукашэнкі?”

(Старыкевіч: ) “Адказ Пуціна выглядае абсалютна слабым. Там у менскім аэрапорце сытуацыя разьвівалася сьмешна. Паводле інфармацыі Інтэрфаксу, калі журналістаў беларускіх дзяржаўных мэдыяў не пусьцілі ў залю, дзе Пуцін ладзіў брыфінг, яны прайшлі на лётнае поле й чакалі расейскага прэзыдэнта каля выхаду. Як вынік, Пуціну давялося адрывацца ад хваста, выходзіць празь іншыя дзьверы. Там ён сеў у аўтамабіль і празь лётнае поле даехаў да самалёта, каб не сустракацца з гэтай “ганаровай вартай”. Калі прэзыдэнт ядзернай дзяржавы паводзіць сябе такім чынам, то крыху сьмешна. Гэты міні-канфлікт Пуцін прайграў”.

(Дзятліковіч: ) “Я зьвярну ўвагу на тое, што быў яшчэ адзін крок Расеі ў адказ. У гэты ж час у Маскве знаходзіўся прэм’ер-міністар Беларусі Сідорскі. І неафіцыйна ён зьбіраўся сустрэцца з кіраўніком расейскага ўраду Фрадковым. Але расейскі бок адмовіў. І Сідорскаму давялося сустракацца толькі з мэрам Масквы Лужковым і прысутнічаць на выставе “Беларуская якасьць-2006”.

(Карбалевіч: ) “Падчас знаходжаньня Пуціна ў Менску адбылася ягоная сустрэча з Лукашэнкам. Па выніках перамоваў расейскі прэзыдэнт заявіў, што яны дамовіліся пра стварэньне сумеснага прадпрыемства на базе кампаніі “Белтрансгаз”. Як ацэньваеце такі вынік?”

(Старыкевіч: ) “Цалкам імаверна, што Пуцін лічыць: яны дамовіліся з Лукашэнкам пра стварэньне СП на падставе “Белтрансгазу”. Але зусім ня факт, што тое самае лічыць і Лукашэнка.

Бо ўчора віцэ-прэм’ер Беларусі Кабякоў заявіў, што высновы незалежнай ацэнкі “Белтрансгазу” — гэта толькі першы этап у стварэньні СП, і выставіў яшчэ шэраг умоваў. І хоць ён сказаў, што ўсё яшчэ можна вырашыць да Новага году, але гэта выглядае толькі тэарэтычным варыянтам.

Менск пакуль не сьпяшаецца з стварэньнем СП. Пакуль у кіраўніцтва Беларусі няма зразумелай стратэгіі, як дамагчыся прымальных цэнаў на газ і нафту. Яно дзейнічае згодна з прынцыпам: не сысьці нам з гэтага месца. Але, магчыма, давядзецца сысьці”.

(Дзятліковіч: ) “Я б таксама дачакаўся камэнтароў зь беларускага боку. Нагадаю, нядаўна Лукашэнка казаў, што незалежная ацэнка “Белтрансгазу” ня будзе канчатковай. Ён называў кошт “Белтрансгазу” да 17 мільярдаў даляраў. А “Газпром” казаў, што максымальны кошт гэтай кампаніі — каля 2 мільярдаў. Розьніца вельмі вялікая. Падаецца, што беларуская інтэрпрэтацыя гэтых перамоваў кіраўнікоў будзе такая: нічога яшчэ ня вырашана, гэта былі прамежкавыя дамоўленасьці”.

(Карбалевіч: ) “Падчас саміту таксама адбылася трохбаковая сустрэча Лукашэнкі, Юшчанкі й Аліева. Паводле паведамленьняў, абмяркоўвалі энэргетычныя пытаньні. Можна меркаваць, што галоўным было пытаньне транзыту касьпійскай нафты ў Беларусь праз Украіну. Гэта рэальны праект ці піяр, сродак ціску на Расею?”

(Старыкевіч: ) “Звонку выглядае, што гэта больш піяр, чым рэальны праект”.

(Дзятліковіч: ) “Тэарэтычна гэта магчыма. Можа, калі такі праект і рэалізуецца. Але для гэтага патрэбны час, мо нават да дзесяці гадоў. Проста ў Лукашэнкі пагоршалі дачыненьні з Расеяй, і ён шукае іншых саюзьнікаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, калі самы цікавы вынік саміту СНД, за які могуць зачапіцца мэдыі, — скандал з журналістамі, то такая сытуацыя вельмі дакладна характарызуе ролю й месца гэтага саміту й гэтай арганізацыі ў жыцьці постсавецкіх краінаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG