Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілеўшчына: за і супраць Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Радыё Свабода У рэгіёнах Беларусі прадстаўнікі палітычных партыяў працягваюць выказвацца наконт свайго ўдзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Нагадаю, гэты форум заплянаваны на пачатак наступнага году. Меркаваньнямі прадстаўнікоў дэмакратычнай кааліцыі Магілеўшчыны цікавілася карэспандэнтка Свабоды.

Гаворыць сябра партыі БНФ з Горак Андрусь Юркоў.

(Юркоў: ) “Які кангрэс? Трэба працаваць, хадзіць па хатах, зьбіраць подпісы, разносіць улёткі, размаўляць зь людзьмі. А “кангрэсіць” – я вялікага сэнсу ў гэтым ня бачу”.

Прадстаўнік незарэгістраванай партыі “Праўда і справядлівасьць” з Магілёву Сяргей Гвай ідэю скліканьня кангрэсу пракамэнтаваў гэтак.

(Гвай: ) “Я супраць правядзеньня гэтага кангрэсу. Лічу тую задуму непрапрацаванай. Бо сама сутнасьць кангрэсу дасканала ня вывучана. Няма адзінага меркаваньня нават у лідэраў нашых”.

Іншага меркаваньня трымаецца сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з Магілеву Юры Новікаў.

(Новікаў: ) “Па-рознаму ставяцца да кангрэсу. Але працэс пайшоў, яго ўжо спыніць немагчыма. Таму мы зараз зьбіраем па 300 подпісаў, каб прыняць удзел у гэтым кангрэсе”.

Прыкладна гэткага ж меркаваньня трымаецца сябра Грамады ў Бабруйску Таісія Кабанчук.

(Кабанчук: ) “У асноўным усе падтрымліваюць і зьбіраюць подпісы. Усе тыя, хто зарэгістраваў ініцыятыўныя групы. Мы вырашылі, што трэба і нам ісьці на кангрэс”.

Адмоўныя ацэнкі ў прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Крычава. Гаворыць сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Кааліцыя, якая склалася ў Крычаве, да прыкладу, мы нават ня ставім за мэту сабраць 300 подпісаў, каб стаць дэлегатамі гэтага кангрэсу. Праблема, якую вырашае “вярхушка”, гэта не праблема рэгіёнаў”.

Лідэр кааліцыі дэмакратычных сілаў Магілёўскай вобласьці Аляксандр Сілкоў заявіў Свабодзе, што сёньня больш карысным было б працаваць на выбары.

(Сілкоў: ) “Цяпер у нас пэрыяд двух выбараў: мясцовых, а затым у палату прадстаўнікоў. З улікам таго, што наступны год будзе надта складаны для Лукашэнкі – гэта падвышэньне кошту на газ, адносіны з Расеяй, то нашая задача была б паказаць, як дэмакратычныя сілы бачаць вырашэньне гэтай праблемы. Што ёсьць прапановы Эўразьвязу і гэтак далей. А кангрэс – будзе кангрэсам раз’яднаных сілаў. Бо перад кангрэсам ізноў распачнецца: хто правы, хто вінаваты... Вось гэты момант вельмі важны”.
XS
SM
MD
LG