Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Казуліна сустрэлася з амбасадарамі Францыі й Нямеччыны


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня 41-шы дзень палітычнай галадоўкі Аляксандра Казуліна ў віцебскай калёніі. На заклікі спыніць галадоўку Аляксандар Казулін пакуль не рэагуе. Ён заяўляе, што спыніць акцыю, калі даведаецца, што хаця б адна з краінаў “вялікай васьмёркі” падняла беларускае пытаньне ў Радзе Бясьпекі ААН. Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Ірына зьвярнулася да амбасадараў Нямеччыны й Францыі — яна прасіла, каб дапамаглі ўратаваць мужа.

Сваякі й аднадумцы палітыка імкнуцца паспрыяць таму, каб патрабаваньне Казуліна адносна ААН выканалі. 29 лістапада жонка Казуліна Ірына і намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксей Кароль сустрэліся з амбасадарам Нямеччыны Марцінам Гэкерам і амбасадарам Францыі Стэфанам Шмялеўскім. Ірына Казуліна распавяла “Свабодзе” пра вынікі размовы.

(Казуліна: ) “Амбасадары вельмі непакояцца за яго. Яны паабяцалі, што тэрмінова паінфармуюць міністэрствы замежных спраў сваіх краінаў пра тое, што Аляксандар просіць паставіць ў Радзе Бясьпекі ААН пытаньне пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Таксама яны занепакоеныя тым, што да мужа не пускаюць адваката — такім чынам яго пазбавілі юрыдычнай дапамогі”.

Ірына Казуліна сказала, што разьлічвае 30 лістапада на сустрэчу з кіраўніцтвам амбасады ЗША ў Беларусі.

Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін застаецца ў няволі з 25 сакавіка. Шэраг міжнародных арганізацыяў прызналі яго вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG