Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі бок пагодзіцца з ацэнкай кошту "Белтрансгазу"


Юры Дракахруст, Прага Учора пасьля перамоваў з Аляксандарам Лукашэнкам прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін паведаміў, што Масква і Менск дамовіліся аб стварэньні сумеснага прадпрыемства “Газпрома” і “Белтрансгаза” на парытэтнай аснове. Паводле Пуціна, па “Белтрансгазе” ўжо “ёсьць ацэнка незалежных экспэртаў”. “Мы загадзя дамовіліся, што якой бы яна ні была, зь ёй і расейскі, і беларускі бакі пагодзяцца”, – падкрэсьліў прэзыдэнт Расеі.

Справа аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на базе «Белтрансгазу» цягнецца ўжо 4 гады, у 2002 годзе было падпісанае міжурадавае пагадненьне, паводле якога Беларусь прадае палову «Белтрансгазу» «Газпрому», а ў абмен атрымлівае танны газ. Адносна танны газ Беларусь сапраўды атрымлівала, але наконт «Белтрансгазу» бакі не сышліся ў цане. «Газпром» быў гатовы купіць сваю долю па балянсавым кошце – 800 мільёнаў даляраў, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што «Белтрансгаз» каштуе 5 мільярдаў даляраў. Некалькі месяцаў таму бакі дамовіліся, што ацэнку «Белтрансгазу» зробіць незалежны аўдытар – галяндзкі банк.

Аднак Лукашэнка раней казаў, што ацэнка аўдытара ня будзе абавязковай для беларускага боку.

Самае галоўнае ва ўчорашняй заяве Пуціна, гэта тое, што бакі вырашылі прыняць ацэнку незалежнага аўдытара. Гэта адкрывае шлях да пагадненьня. Гаворыць аналітык расейскай кансалтынгавай кампаніі «Тройка-дыялёг» Валер Несьцераў.

(Несьцераў: ) "Бакі дамовіліся, што тая цана, якая названая аўдытарам - хай гэта будзе 5 мільярдаў ці 8 мільярдаў даляраў - ня будзе аспрэчвацца бакамі. Спачатку завершацца перамовы аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на парытэтнай аснове, а потым ў адпаведнасьці з міжурадавым пагадненьнем павінны быць вырашаныя і пытаньні цаны на газ на будучы год. Як я разумею, уваход "Газпрома" у сумеснае прадпрыемства зь "Белтрансгазам" дазволіць Беларусі плаціць за газ на працягу няпэўнага часу - гэта можа быць год, два ці тры, значна менш, чым тая цана, якую хоча і на якой настойвае "Газпром".

Гэтыя грошы, якія атрымае Беларусь, могуць быць выкарыстаныя для субсідаваньня цэн, якія ўзрастуць і самы тэмп росту цаны можа быць крыху запаволены. Акрамя таго, што цана для Беларусі будзе ніжэйшай за тыя 200 даляраў, на якіх настойвае "Газпром", у Беларусі зьявяцца сродкі, пры дапамозе якіх можна будзе расьцягнуць пераходны пэрыяд, падчас якога, па-першае, прамысловасьць зможа адаптавацца да новых цэнаў, а па-другое, Беларусь, магчыма, здолее знайсьці дадатковыя крыніцы паставак энэрганосьбітаў”.

Словы спадара Несьцерава тлумачаць заяву, зробленую ўчора Пуціным, што “частку цаны на газ мы будзем капіталізаваць у кошт “Белтрансгазу” падчас стварэньня СП”. Іншымі словамі, цана для Беларусі будзе ніжэйшай, але і “Газпром” заплаціць за “Белтрансгаз” меней. Пра гэта ж, а таксама пра тое, колькі ж каштуе “Белтрансгаз” , гаворыць эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” Тацяна Манёнак.

(Манёнак: ) "І раней "Газпром" казаў, што для Беларусі мы ўсталёўваем рынкавы кошт газу, але калі яго аплачваць цяжка, мы можам залічыць гэты кошт у кошт "Белтрансгазу". Гэта азначае , што "Газпром" будзе аплачваць сваю долю ў сумесным прадпрыемстве пастаўкамі газу. Беларускі бок быў зацікаўлены ў тым, каб атрымаць гарантыі паставак таннага газу, і, магчыма, яны дамовяцца, можа, на 3 гады, можа, на 5 гадоў, што кошт будзе не 200 даляраў за тысячу кубамэтраў, а скажам, 130 даляраў.

Мне цікава тое, што нядаўна Лукашэнка заяўляў, што магчыма "Белтрансгаз" каштуе 10 ці нават 17 мільярдаў даляраў. Зараз зьявіліся неафіцыйныя зьвесткі, што галяндзкі банк - незалежны аўдытар, ацаніў "Белтрансгаз" у 4 мільярды даляраў. Калі Пуцін кажа, што расейскі і беларускі бакі пагодзіцца з гэтай ацэнкай, то гэта пэўная капітуляцыя беларускага боку”.

Варта дадаць, што лічбы 10-17 мільярдаў даляраў як кошту “Белтрансгазу” Лукашэнка назваў зусім нядаўна. На працягу некалькі гадоў ён называў больш сьціплую лічбу – 5 мільярдаў даляраў. І калі лічба незалежнай ацэнкі сапраўды такая, як кажа Тацьцяна Манёнак – 4 мільярды даляраў, то яна значна бліжэйшая да ранейшай ацэнкі Лукашэнкі, чым да ацэнак “Газпрома” – 800 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG