Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэчыца: завершылася расьсьледаваньне справаў чатырох бандаў


Радыё Свабода Трыццаць два ўдзельнікі крымінальных груповак Рэчыцы неўзабаве паўстануць перад калегіяй крымінальных справаў Гомельскага аблсуду. Пракуратура Гомельскай вобласьці завяршыла расьсьледаваньне й накіравала ў суд матэрыялы на чатыры рэчыцкія бандыцкія фармаваньні, вядомыя ў горадзе як групоўкі “вайскоўцы”, “шуманскія”, “русланаўскія”, “вушатага”.

Крымінальныя групоўкі ўчынілі каля ста цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку разбоі, рабаўніцтвы, падпалы.

Вядома, што яны дзейнічалі на тэрыторыі Рэчыцкага й Хойніцкага раёнаў дванаццаць гадоў і ў іх уваходзіла каля паўсотні чалавек. Займаліся яны звычайным рэкетам — вымагалі грошы ў мясцовых прадпрымальнікаў, таксоўцаў, валютчыкаў. Ня грэбавалі нават вымагальніцтвам у зборшчыкаў грыбоў і ягад.

Большасьць бандытаў раней былі вайскоўцамі, а некаторыя — міліцыянтамі.

Чакаецца, што судовы працэс над рэчыцкімі злачыннымі групоўкамі пачнецца ў лютым будучага году. Гэта будзе трэці гучны працэс над крымінальнымі фармаваньнямі, якія дзейнічалі на Гомельшчыне.

У Менску ідзе судовы разбор справаў чальцоў гомельскай банды “марозаўцаў”, а ў сьледчым ізалятары Гомелю распачаўся другі судовы працэс — над групоўкай “пажарнікі”.
XS
SM
MD
LG