Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусам трэба выкупіць помнік Янку Купалу..."


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за аўторак, 28-га лістапада. 24 г адзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" - гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць смс паведамленьні на нумар - 8-029-391-22-24

(Ларыса, Менск: ) “Чула, што прэзыдэнт Лукашэнка будзе больш жорстка ставіцца да бацькоў, якія вядуць ня варты павагі спосаб жыцьця. Я маю на ўвазе ўжываньне алькаголю альбо наркотыкаў. Тым самым даюць дрэнны прыклад сваім дзецям і наагул не зьвяртаюць увагі на дзяцей. Дык дзяцей будуць уладкоўваць у дзіцячыя дамы. Гэтае рашэньне павінна было быць прынята значна раней. Але, як кажуць, лепей пазьней, чым ніколі. Няўжо нашыя праваахоўныя органы ня бачаць на вуліцах нашага гораду, я маю на ўвазе горад Менск, як людзі бамжаватага выгляду, узросту зусім маладога, і жанчыны, і мужчыны разам соўгаюцца ў пошуках бутэлек, і ў прыёмных пунктах іх таксама шмат. І нічога ня робіцца. Я лічу, што сутыкнуцца з імі небясьпечна. Вось гэта патэнцыйныя бацькі, дзеці якіх могуць апынуцца ў дзіцячых дамах. Гэта сацыяльная праблема, і яе трэба вырашаць у хуткім часе. Кожны канкрэтны выпадак трэба разглядаць паасобку. У горадзе, дзе вядзецца такое будаўніцтва, дзе будуецца столькі палацаў, катэджаў, якія падобныя да палацаў, не павінна быць такой зьявы, што дзяцей трэба ўладкоўваць у дзіцячыя дамы. Урад павінен зьвярнуць увагу і дапамагчы тым людзям, якія апынуліся ў такім становішчы, што ня маюць жытла і сродкаў для свайго існаваньня і існаваньня сваіх дзяцей”.

(Эдуард Кміта, Дзятлава: ) “Асабістае меркаваньне. Я чуў па вашай праграме, што адклалі на нейкі час устаноўку помніка Янку Купалу ў Маскве. Ну, гэта добрая справа. Трэба нам беларусам выкупіць гэты помнік. І дзеля масквічоў паставіць на трасе Масква-Менск, каб быў напамінкам, каб чалавек, калі едзе ў далёкую дарогу, думаў, што ўсё роўна гэтыя расейцы яго спусьцілі зь пятага паверха. Таму гэты пастамэнт быў бы як напамінак пра прошлае нашых сяброўскіх народаў. Да пабачэньня”.

(Віктар, Менская вобл.: ) “Я хацеў Вам сказаць наступнае. Я казаў Вам, што будзе нармальна. Вось сёньня Пуцін па расейскім тэлебачаньні выступаў. Расейскім журналістам даў прэсавую канфэрэнцыю і ўсё сказаў: Белтрансгаз будзе падзелены папалам. Ужо ведаюць, якія кошты на Белтрансгаз, ужо іх задавальняе гэты кошт. Газ будзе паступаць па кошце напалову, то бок 50 на 50. Атрымліваецца, што калі ён каштаваў 46, то будзе каштаваць каля…Па расейскім кошце, я дакладана ня ведаю, колькі. Але гэта будзе каштаваць значна таньней, чым каштаваў 80… Я лічу, што ўсё будзе нармальна. І Пуцін ужо сказаў, што ўсё будзе нармальна. Таму дарма Вы ўстройваеце гэтыя “Праскія акцэнты” і пачынаеце голаву людзям дурыць. Вы падманваеце людзей. Вось зь сёньняшняга дня я больш Ваша Радыё Свабода слухаць ня буду. BBC яшчэ хоць нешта асьвятляе, чакае рэзультатаў. Але ж Вы пачынаеце нейкія “Праскія акцэнты” арганізоўваць! Лапшыну людзям на вушы вешаць! Я ўсім скажу, каб Вашую станцыю ня слухалі. Людзей настройваеце, але Вы нічога не зраблі, нічога не даказалі сваімі гэтымі спэцыялістамі-гасьцямі. Бязглузьдзіца гэта ўсё! Да пабачэньня. Вось Вы вазьміце запіс расейскай праграмы “Новости +,” навіны якой перадаюцца дзесьці аб 11 па беларускім часе. Вось там Пуцін сёньня сказаў, што “Белтрансгаз” і расейскі “Газпром” арганізоўваюць сумеснае прадпрыемства. 50 на 50, усё ўжо вырашана. І газ будзе паступаць па кошце 50 на 50, будзе дзяліцца напапалам. Я ж казаў, што ўсё будзе нармальна. І калі Лукашэнка пайшоў на гэта (Юшчанка і Саакашвілі не пайшлі), яму галоўнае – газ, галоўнае – кошт. Трэба далей зарабляць “бабкі,” далей нажывацца на гэтым. І яму пляваць на тое, што ён парушае нацыянальныя інтарэсы краіны. Яму галоўнае кошт. Я хачу сказаць, што Вы праінфармавалі няправільна. Вы згушчалі фарбы. Няма нічога. Усё, як было, так і здарылася. Я хваляваўся. Я ведаў, што так і будзе. Але зараз у нас нічога ня будзе. Усё, расейцы бяруць пад крыло Лукашэнку. Усё скончана. Да пабачэньня”.

(Спадарыня: ) “Паважаны спадар Сідорскі! Чаму б Вам не прыехаць у калёнію Віцьба-3 і не пагаварыць з Аляксандрам Казуліным. Ён мае да Вас давер і таму просіць Вас узяць на сябе ўсю ўладу, бо нелегітымнасьць Лукашэнкі як прэзыдэнта прызнаюць усе эўрапейскія дзяржавы. Магчыма, спадар Сідорскі, Аляксандр Казулін зьвяртаецца да Вас у апошні раз, спадзеючыся на Вас як на чалавека разумнага і сьмелага. Паспрабуйце дамовіцца з Аляксандрам Казуліным. Калі ласка, выратуйце яго!”

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу сказаць пра Расею, што трэба танкі пускаць на Расею, разьбіваць Расею і выганяць зь Беларусі расейцаў, якія дапамагаюць маскоўскім тут дзейнічаць, каб нас засадзіць у Расею. Расейцаў адусюль выганяюць. Пажылі, пабачылі, як добра з Расеяй. Прэч, расейцы! Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы, “Свабода”! Хачу выказаць сваю думку наконт учарашняй сустрэчы Мілінкевіча з Бушам. Радавацца няма чаму. Падзея малазначная. Што з таго, што сустрэўся палітык Джордж Буш у Рызе зь беларускім палітыкам Мілінкевічам? Мілінкевіч як палітык адыходзіць у небыцьцё. Падумайце, што зьяўляецца сумленьнем Амэрыкі і Эўропы. А іх сумленьнем зьяўляецца бамбардзіроўка Югаславіі і ваенныя дзеяньні ў Іраку. Беларусь яшчэ ня ўмешвалася і ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых краін. Вось так. Усяго Вам добрага”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўнае спадарства радыё Свабода! Добры дзень! На пытаньне тыдня. Я думаю, што СНД у бліжэйшы год-два памрэ. Яно ніякай краіне не патрэбна. Яно патрэбна толькі Расеі, якая прызвычаілася стагодзьдзямі камандаваць. Сёньня назіраецца тэндэнцыя, калі асобныя краіны СНД лічаць сябе дзяржавамі першага гатунку. Яны дасылаюць ноты з прапановамі перанесьці саміт на больш позьні час. Гэта сьведчыць пра яго ліквідацыю. Спытайце любога чалавека, што вырашыла СНД за гэтыя 15 год. Адказ будзе адзін: нічога акрамя пустых размоваў. Дзякуй за ўвагу”.
XS
SM
MD
LG