Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары: ці трапяць прадстаўнікі апазыцыі ва ўчастковыя камісіі?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня апошні дзень фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Паводле зьвестак Цэнтравыбаркаму, агульная іх колькасьць у краіне — каля шасьці з паловай тысяч. Заявы й сьпісы ад працоўных калектываў, партыйных і грамадзкіх арганізацыяў выканкамы вэртыкалі прымалі ад 26 лістапада. Ці трапілі ў гэтыя камісіі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў?

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сёньня паведаміў Радыё Свабода, што зьвесткі наконт прадстаўніцтва ва ўчастковых камісіях палітычных партыяў і рухаў пакуль не сабраныя. Але Мікалай Лазавік заяўляе, што крытычна ставіцца да працы беларускай апазыцыі на гэтым этапе:

(Лазавік: ) “Напэўна, сёньня ў апазыцыі іншыя выбары. І гэта адцягвае іх намаганьні ад агульнадзяржаўнай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў”.

Высновам Мікалая Лазавіка супярэчыць сытуацыя ў Жлобіне. Як паведаміў вылучэнец Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Гомельскі абласны савет Марат Афанасьеў, амаль трыццаць грамадзкіх актывістаў напісалі заявы ў гарвыканкам, што жадаюць працаваць менавіта ва ўчастковых выбарчых камісіях. Што з гэтага атрымалася, паведамляе Марат Афанасьеў:

(Афанасьеў: ) “У восем гадзінаў раніцы мы прыходзім з дакумэнтамі. Яны нам паказваюць сшытак, у якім ужо запісаныя васямнаццаць прозьвішчаў. Абсалютна перакананы, што ніводзін наш чалавек туды не патрапіць”.

У штабе АГП у Менску гавораць пра больш як 630 кандыдатураў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў Беларусі. Але на гэты час пра посьпех хаця б аднаго зь іх пакуль не вядома. Чаму дэмакратам не шанцуе, да прыкладу, у Гомельскім рэгіёне, тлумачыць кіраўнік рэгіянальнай філіі АГП Васіль Палякоў:

(Палякоў: ) “Менавіта на ўчастках пішацца той пратакол, зьвесткі якога пасьля падсумоўваюцца й на падставе якіх падводзяцца агульныя вынікі. Таму ў склад участковых камісіяў за апошнія сем гадоў (гэта адназначна) нікога не ўключалі. Цяпер таксама не ўключаюць”.

Паведаміў Васіль Палякоў. Ад сёньня, нагадаю, застаецца яшчэ пяць дзён на вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты праз збор подпісаў, таксама працоўнымі калектывамі й палітычнымі партыямі. Пасьля 4 сьнежня пачнецца праверка праўдзівасьці пададзеных зьвестак — і будуць рэгістраваць кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG