Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць на "Свабодзе" – Мікалай Астрэйка


Радыё Свабода У чацьвер, 30 лістапада, ад 11.00 да 12.00 на пытаньні слухачоў радыё і наведнікаў сайту па менскім тэлефоне (8-017) 266-39-52 адказваў адзін з моладзевых лідэраў Мікалай Астрэйка.

Яму 26 гадоў. Закончыў Нацыянальны беларускі ліцэй імя Якуба Коласа. Падчас навучаньня друкаваўся ў часопісах "Першацвет" і "Спадчына". Захапляўся палітыкай, браў удзел у шматлікіх моладзевых рухах і арганізацыях. Скончыў Белдзяржунівэсытэт, палітоляг-юрыст. Валодае ангельскай і гішпанскай мовамі. Жанаты, мае дачку Лізу.

У кастрычніку 2005 года Мікалай паспрабаваў зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю, мэта якой – незалежнае назіраньне за выбарамі. Дазвол на тое атрыманы ня быў, а неўзабаве Астрэйку разам зь сябрамі асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

21 лютага 2006 года Мікалай быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. Яму разам з Энірай Браніцкай, Аляксандрам Шалайкам і Цімохам Дранчуком было прад''яўлена абвінавачваньне ў незаконнай арганізацыі дзейнасьці незарэгістраванага грамадзкага аб''яднаньня "Партнэрства". 4 жніўня пазбавілі волі на два гады, пакараньне адбываў у Шклоўскай калёніі. 17 лістапада 2006 году рэжым адбыцьця пакараньня нечакана быў зьменены яму на папраўчыя працы.

– Мяне як чалавека, што нядаўна вызваліўся з турмы, найбольш турбуе лёс тых палітвязьняў, якія яшчэ за кратамі: Цімафея Дранчука, Аляксандра Казуліна, Зьміцера Дашкевіча й іншых несправядліва асуджаных. Аднак я спадзяюся, што ўжо ў хуткім часе яны будуць разам з намі. Я веру ў лепшае, у тое, што ўсё ж такі справядлівасьць пераможа.

Пытаньні Мікалаю Астрэйку можна задаваць і загадзя: на кругласутачны тэлефон-аўтаадказьнік (8-017) 266-39-52, праз SMS (391-22-24) ці электронную пошту (rferl.minsk@gmail.com).

Фрагмэнты размовы Мікалая Астрэйкі з слухачамі "Свабоды" слухайце 1 сьнежня ў нашым эфіры
XS
SM
MD
LG