Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вось і настае канец “беларускаму эканамічнаму цуду”


Валянцін Жданко, Менск Асноўная тэма слухацкіх лістоў апошніх тыдняў — беларуска-расейскія дачыненьні. Многія людзі ўстрывожаныя й занепакоеныя тым, што з пачаткам 2007 году Беларусь з прычыны рэзкага падвышэньня кошту на расейскі газ можа апынуцца ў зусім новай эканамічнай сытуацыі.

Алег Ліцкевіч з Горадні піша:

“Вось і настае канец так званаму “беларускаму эканамічнаму цуду”. Пабачым, што ад яго застанецца, калі з новага году расейцы выставяць новыя рахункі за газ — у чатыры разы большыя, чым раней. У Беларусі й цяпер многія людзі ня здольныя плаціць за кватэру — колькі ўжо выселеных сем’яў, колькі няшчасных дзяцей. А што будзе, калі кватэрная плата падвысіцца ўдвая ці ўтрая? Усе людзі зразумеюць, што насамрэч адбываецца ў краіне й чаго вартыя ўсе абяцаньні ўлады і яе палітыка. Апазыцыі ня трэба спаць у шапку. Надыходзіць вырашальны момант. Калі эканоміка рухне і людзі застануцца без капейкі ў кішэні, трэба будзе дзейнічаць неадкладна і згуртавана”.

Нават калі цэны на расейскі газ рэзка ўзрастуць ужо ў студзені, наўрад ці варта, спадар Ліцкевіч, чакаць нейкіх неадкладных надзвычайных ці катастрафічных наступстваў для эканомікі й сацыяльнай сфэры Беларусі. Ёсьць шмат спосабаў, каб зьмякчыць гэтыя наступствы, расьцягнуць іх у часе, дамагчыся, каб для насельніцтва гэта не выглядала шокам і каб да непрыемнасьцяў людзі прывыкалі паступова.

У сярэдзіне 1990-х гадоў улада такі спосаб ужо неаднойчы выкарыстоўвала, пераходзячы на рынкавыя цэны на тавары й паслугі. З высокіх трыбунаў ня раз заяўлялася, што дзяржава ўсяляк будзе стрымліваць кошты на сацыяльна значныя тавары. А ў рэальнасьці яны паступова, але няўхільна расьлі, урэшце перавысіўшы нават усясьветны ўзровень.

Гэтая ж тэма закранаецца і ў лісьце нашага слухача Міколы Бусла зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Ён зьвярнуў увагу на тое, як мінакі на вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак адказвалі на пытаньне пра магчымае падвышэньне кошту камунальных паслугаў:

“Я чакаў, што хто-небудзь скажа: ня буду трываць аніякай падвышкі! Але не, усе з рознай ступеньню пакорлівасьці пагаджаліся тужэй запяць дзягі на пузе — ажно да гатовасьці па-сапраўднаму галадаваць. Хіба гэта ня страшна? Ніхто не сказаў хоць бы пра эфэмэрную форму пратэсту кшталту “Не пайду на выбары”. Падаражэюць без адпаведнай кампэнсацыі камунальныя паслугі — значыць, зьнізіцца ўзровень жыцьця, які й без таго невысокі. То каму, як не прафсаюзам, завыць пра недапушчальнасьць такой зьявы? Але ж мы ведаем, чые ў нас прафсаюзы і хто іхны верхавода.

Я разумею, нашы людзі не прайшлі трэнінгу адстойваньня сваіх правоў ні ў дзяцінстве, ні ў сталасьці, ні ў старасьці. Дык каму ж, як не праціўнікам рэжыму, падказаць маламаёмным людзям дзейсныя формы пратэсту, кшталту лістоў да ўлады з выказваньнем нязгоды, агітацыі суседзяў у пад’езьдзе, стварэньня асацыяцый жыхароў, пісаньня ўлётак, а мо нават і наладжваньня пікетаў? Наўрад ці будуць ужываць гвалт супраць пажылых людзей. Ва ўсім сьвеце мільёны людзей паўстаюць на абарону сваіх правоў. Час і нашым навучацца і навучыцца. І навучыць унукаў.

То правільны адказ на вашае пытаньне быў бы наступны: “Мой бюджэт ня вытрымае новай падвышкі камунальных паслуг. Я буду пратэставаць. Буду шукаць аднадумцаў і далучуся да пратэсту ў якой-небудзь форме”. А апазыцыянэры мецьмуць добрую вытворчую практыку арганізацыі барацьбы. Хай сустрэнуцца на барыкадах з народам”.

Дзеля таго, спадар Бусел, і ператвораныя ў Беларусі прафсаюзы ў дадатак дзяржаўнай адміністрацыі, каб не дапусьціць такіх пратэстаў. А апроч таго, у Крымінальны кодэкс уведзеныя новыя артыкулы — напрыклад, аб пакараньні турмой за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Вось і паспрабуйце стварыць хоць бы асацыяцыю незадаволеных кватэранаймальнікаў.

Сацыяльны пратэст у Беларусі можа быць хіба што стыхійны — як здарылася, напрыклад, увесну 1991 году, калі на плошчу пасьля рэзкага падвышэньня коштаў на харчы выйшлі дзясяткі тысяч менскіх рабочых. Але ўлады зрабілі свае высновы з тых падзеяў. А галоўная выснова наступная: людзей небясьпечна агаломшваць, як абухом па галаве, зьнянацку задзіраючы цэны ў разы. Куды бясьпечней зрабіць гэта ж, але на працягу некалькі месяцаў, адначасова нэўтралізуючы апазыцыю і праз прапаганду прывучаючы насельніцтва да думкі, што падвышэньне непазьбежнае, а вінаватыя ў ім нейкія вонкавыя сілы і прычыны.

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Назіраючы за апошнімі палітычнымі падзеямі, аналізуючы выказваньні апазыцыйных лідэраў, ён усё больш умацоўваецца ў меркаваньні, што беларуская апазыцыя выбрала памылковы шлях. Алесь Марціновіч, у прыватнасьці, піша:

“Бяда інтэлігента Мілінкевіча, які на 90 працэнтаў абапіраецца на БНФ Вячоркі, у тым, што ён асуджаны кануць у лету з-за навязьлівага нэўрозу “нашаніўства” ў спэцыфічных умовах ХХІ стагодзьдзя. Агучваць сёньня прапановы “нашаніўства” — тое ж, што заклікаць сучасных датчан кінуць “мэрсэдэсы” й цёплыя катэджы ды плыць на вёслах у лодках у Сыцылію — шукаць рай у цёплых краях (як гэта некалі рабілі іхныя продкі вікінгі).

Беларуская апазыцыя ня здолела перамагчы Лукашэнку, не змагла зламаць масквацэнтрызм абываталя нават у той час, калі ў Крамлі сядзеў прыслужнік Біла Клінтана Барыс Ельцын, а дэмакраты ды алігархі ва ўсю верхаводзілі ад Масквы да самых да ўскраін. Цяпер жа, у пуцінскім і постпуцінскім стане, Расея сваёй гравітацыяй праз тысячу каналаў уплывае на Беларусь і ня дасьць ёй паўтарыць ня тое што мадэлі дзесяці краін ад Эстоніі да Баўгарыі, а нават і мадэлі Ўкраіны.

Менавіта цяпер важна адмовіцца ад ілюзорна-наркатычна-фантастычнага “нэанашаніўства”, да якога нас хочуць змусіць гадоў на дзесяць-дваццаць. Трэба сесьці за круглы стол і ў цяжкой інтэлектуальнай працы знайсьці духоўныя арыенціры на базе культурнай матэрыі Рускага Сьвету. Трэба стаць шчасьлівымі ад жыцьця, а не ад шызафрэнічных мрояў”.

Алесь Марціновіч лічыць, што беларускія інтэлектуалы й апазыцыйныя палітыкі паступова пераконваюцца ў бясплённасьці сваіх намаганьняў, але высновы зь няўдачаў робяць памылковыя. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Сяргей Дубавец, Павал Севярынец ды іншыя цяпер арыентуюць нас на доўгі шлях зьмены пакаленьняў, на нейкія прывідныя подзьвігі-баі ў нейкай сьветлай будучыні. Яны разумеюць, што Лукашэнка і сам лукашызм нікуды ня сыдуць і пасьля 2011 году. Змагаючыся з Лукашэнкам, апазыцыя найперш змагаецца з гіпнатычнай харызмай Рускага Сьвету — паводле мадэлі пасу Талін—Варшава—Сафія. А гэта барацьба бясплённая. У Беларусі, па вялікім рахунку, няма рэкрутаў на барацьбу з дыскурсам Рускага Сьвету. Беларус, як ніхто з усходнеэўрапейцаў, паддаецца гіпнозу Масквы”.

Сапраўды, спадар Марціновіч, ідэалы нацыянальнага адраджэньня й беларусізацыі не аб’ядналі большую частку грамадзтва і не прывялі да такіх вынікаў, як у суседніх зь Беларусьсю краінах. Але гэта зусім не азначае, што такімі аб’яднальнымі й пераможнымі арыенцірамі могуць стаць ідэалы так званага “Рускага Сьвету”, пра якія вы пішаце. Сярэднестатыстычны беларус, нават размаўляючы па-расейску, ня лічыць сябе расейцам і ня хоча бачыць сваю краіну часткай Расеі. А падчас перапісу, кіруючыся хутчэй нейкімі падсьвядомымі памкненьнямі й пачуцьцём маральнага абавязку, называе роднай мовай беларускую (хоць на ёй найчасьцей і не размаўляе).

І вашы, спадар Марціновіч, сьцьвярджэньні пра ўсёпераможны электронны гіпноз Масквы таксама перабольшаныя. Сфера расейскага мэдыйнага ўплыву на Беларусь усе апошнія гады толькі звужаецца. Асноўныя расейскія тэлеканалы паступова выціскаюцца зь Беларусі, а грамадзка-палітычных газэт і ўвогуле амаль не засталося. Так, замяняюцца яны зусім не беларускамоўнымі мэдыямі. Але і зусім не прарасейскімі.

Тыдзень таму пытаньнем тыдня “Свабоды”, якое задавалі мінакам на вуліцах нашы карэспандэнты і на якое адказвалі ў тэлефанаваньнях слухачы, было пытаньне пра гвалт над дзецьмі: ці дапушчальна караць дзяцей фізычна? Сярод многіх адказаў вылучаецца кароткі ліст, які даслаў Сяргей Рогач зь Менску. Ён піша:

“Калі палічыў, што дзіця вартае дзягі (ці дубца, ці па карку) — можаш адлупцаваць гэтай дзягай СЯБЕ, бо гэта ты ня змог выхаваць яго так, каб яно гэтае дзягі не заслугоўвала. Прымяненьне фізычнай сілы — гэта лёгкі шлях узьдзеяньня, зразумелы й адчувальны, але гэта адначасова й прызнаньне тваёй няздольнасьці дзейнічаць мудрасьцю, а не прымітыўнай сілай”.

Цяжка не пагадзіцца з вамі, Сяргей. Хоць жыцьцё, на жаль, рэдка ўпісваецца ў ідэальныя і справядлівыя формулы і схемы. Шматлікія слухачы ў сваіх адказах на гэта пытаньне ў якасьці прыкладаў прыводзілі мноства сытуацыяў, калі, нават усьведамляючы заганнасьць такіх мэтадаў, не маглі ад іх устрымацца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG