Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Апалёнія Савёнак (1901 --1982)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Калі ў мяне пытаюцца, у чым сэнс чалавечага жыцьця, я зазвычай адказваю: у тым, каб зразумець сваю ролю на гэтым сьвеце і як мага хутчэй зьліцца зь ёю.

Апалёнія Савёнак (у дзявоцтве Раткевіч) упершыню павіталася з вучнямі ў сямнаццаць гадоў і з таго часу заўсёды заставалася настаўніцай, не пакідаючы ўлюбёнае працы і ў часе навучаньня ў БДУ — спачатку на пэдагагічным, а потым на факультэце мовы й літаратуры. Унучка паўстанца 1863 году, яна ведала, што слова выкладчыка ў змаганьні за Беларусь — зброя нярэдка больш надзейная за карабін інсургента.

У 1921-м яна выйшла замуж за журналіста й літаратара Лявона Савёнка. Тыя гады ў яе жыцьці былі надзвычай плённыя на пэдагагічныя распрацоўкі й публікацыі. Гэтаму спрыяла палітыка беларусізацыі, якая ў многіх сэрцах пасяліла веру ў Беларускі дом, які раней ці пазьней пачне жыць сваім, незалежным ад Масквы жыцьцём.

Але ўжо пры канцы 1920-х гэтыя ілюзіі разьвеяліся. Лявону пашчасьціла быць на волі даўжэй за некаторых сяброў, але ў 1933-м прыйшлі й па яго. Апалёнію, на руках у якой была шасьцігадовая Зора, звольнілі й паведамілі, што ў Менску працы для яе ня будзе. У роспачы, каб мець кавалак хлеба, яна хацела зьехаць куды-небудзь у калгас, але добрыя людзі параілі выпраўляцца ў Крычаў. На пяць гадоў гэты горад гасьцінна прытуліў Апалёнію з Зорай. Маці, прыносячы дадому за раз па 100 вучнёўскіх сшыткаў, выкладала родную мову й літаратуру, а дачка пайшла ў школу й знайшла сябровак, якіх амаль празь сем дзесяцігодзьдзяў, стаўшы сусьветна вядомай вучонай-беларусазнаўцай, ужо марна спрабавала адшукаць, калі мы зь ёю і яе мужам Вітаўтам Кіпелем аднаго разу якраз на Купальле прыехалі ў Крычаў.

Па вайне спадарыня Апалёнія выкладала ў пачатковай беларускай школцы ў нямецкім Рэгенсбургу, а потым у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. У 1946-м яна напісала й выдала першы на эміграцыі беларускі лемантар.

Калі ў 1950-м Савёнкі пераехалі ў ЗША, яна стала адной з заснавальніц Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку і, ня здраджваючы свайму пакліканьню, выкладала ў нядзельнай беларускай школе.

Яе жыцьцё мне чамусьці хочацца параўнаць з створаным рукою сапраўднага майстра спакойным завершаным пэйзажам.
XS
SM
MD
LG