Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь выходзіць у лідэры па штрафах ДАІ


Ігар Карней, Менск Экспэрты канстатуюць: цягам апошняга году сытуацыя з паркоўкай аўтамабіляў у цэнтры Менску наблізілася да “катастрафічнай”. Нягледзячы на шматпавярховыя паркінгі, якія ўзводзяцца нават у гістарычным цэнтры сталіцы, месцаў на аўтастаянках на ўсіх ахвотных не хапае. Затое бюджэт Дзяржаўтаінспэкцыі актыўна папаўняецца коштам немалых штрафаў з кіроўцаў.

У Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі спасылаюцца на прыклад усясьветных мэгаполісаў, дзе праблема парковак толькі прагрэсуе. Маўляў, Менск, дзе колькасьць аўтамабіляў даўно пераваліла за мільён, ня можа быць выключэньнем.

Паркоўка побач зь Менскім гадзіньнікавым заводам “забітая пад завязку” з самай раніцы. У наведнікаў, якія прыяжджаюць да разьмешчаных тут офісаў пасьля 9-й раніцы, шанцы прыпаркавацца мінімальныя. Кіроўца далёка ня новага “Форду-Скорпіё”, які толькі што меў гутарку з супрацоўнікам ДАІ, кажа, што яшчэ лёгка ад таго адчапіўся – толькі за спробу стаць пад абмежавальным знакам заплаціў палову базавай велічыні (15 500 рублёў).

(Кіроўца: ) “Выбару ж няма – куды ставіць? Мне вось трэба сюды зайсьці на пару хвілінаў, а месцаў няма. Куды ткнуцца? Яшчэ год таму рух быў адчувальна меншы, аўто было ня так шмат, нават у дварох можна было спакойна паставіць. А зараз прыедзеш у двор, ужо машынаў дваццаць стаіць на зялёнай зоне. Стаянак адназначна мала. А цяпер яшчэ пачалі некаторыя зносіць. Таму ўвогуле ня ведаю, аб чым яны думаюць”.

Супрацоўнік Дзяржаўтаінспэкцыі кажа, што для кіроўцаў гарадзкія ўлады імкнуцца стварыць максымальна камфортныя ўмовы. Аднак узаемнасьці ад аўтааматараў дачакацца ня могуць.

(Супрацоўнік ДАІ: ) “Канкрэтна на гэтым месцы – 33 парушэньні за зьмену. А калі прынцыпова паставіцца, то можна і сто квітанцый выпісаць, бо тут суцэльныя парушальнікі. Во бачыце: стаяць два інспэктары, і ўсё роўна парушаюць. Паркінгі, усё ёсьць, усё абсталявана. Толькі народ наш яшчэ не прывучаны да парадку – усе хочуць бясплатна прыпаркавацца і потым кагосьці зрабіць вінаватым. Толькі не сябе. Але такая гульня каштуе 9 тысяч рублёў па мінімуму і 62 тысячы максымум”.

Супрацоўнік ДАІ дадаў, што пры канцы дня літаральна “выгружае” з багажніка дзясяткі нумароў, зьнятых у парушальнікаў дарожнага руху. А яшчэ каля паўсотні аўтамабіляў штодня ў Менску прымусова эвакуююцца, перадусім, за парушэньне правілаў паркоўкі.

А вось кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч кажа, што пасьля ўступленьня 1 красавіка ў сілу новых Правілаў дарожнага руху змагацца з кіроўцамі пачалі выключна праз кішэню. Як кажа спадар Маркевіч, сумы штрафаў, якія выпісваюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі, паступова выходзяць у лідэры рэгіёну.

(Маркевіч: ) “Калі азірнуцца, яшчэ год таму якія былі кошты і параўнаць зь цяперашнімі, то Беларусь, а, перадусім, Менск пераўтварыўся ў адну з найбольш дарагіх сталіцаў сьвету. Паверце: у Польшчы, Літве, ва Ўкраіне ў гэтым сэнсе нашмат усё больш лібэральна. Нават у такім мэгаполісе як Масква ўсё значна таньней”.

Як кажуць менчукі, найбольш абсурднай падаецца сытуацыя, калі міліцыя скручвае нумары ў кіроўцаў, якія паркуюцца ў дварох уласных дамоў. Пры гэтым тлумачаць захады так: падчас акцый ды рознаўзроўневых самітаў пакідаць прыватныя машынаў уздоўж будынкаў на цэнтральных праспэктах забаронена. Зрэшты, для каго вызваляецца тэрыторыя – не вялікі сакрэт. У дварох звычайна канцэнтруецца спэцназ, кінуты на разгон апазыцыйных шэсьцяў.

На здымках: машыны ў цэнтры Менску паркуюцца “шчыльнымі радамі” (фота аўтара).



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG