Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уражаньні Мілінкевіча ад сустрэчы з Бушам


Альгерд Невяроўскі, Менск У Рызе працягваецца саміт кіраўнікоў краінаў НАТО. У якасьці гасьцей на ім прысутнічаюць прадстаўнікі беларускай апазыцыі. 28 лістапада зь імі сустрэўся прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Джордж Буш. Пра тое, як праходзіла гэтая сустрэча радыё Свабода распавёў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

Джордж Буш сустрэўся з Аляксандрам Мілінкевічам, Андрэям Саньнікавым і Міхаілам Марынічам адразу пасьля свайго выступу ў рыскім унівэрсытэце.

(Мілінкевіч: ) “Гэта была кароткая сустрэча. Ён чытаў даклад ва ўнівэрсытэце. І пасьля сустрэчы падышоў. Я быў у першым шэрагу. Мы размаўлялі вельмі коратка. Мяне прадставіла прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга. Буш вельмі адкрыты, нават сьціплы здаецца, даволі рашучы. Уражаньне добрае.

Дарэчы ў яго дакладзе было вельмі цёпла сказана пра Беларусь. Пра тое, што Злучаныя Штаты будуць пастаянна з намі ў барацьбе за свабоду. І Беларусі было ўдзелена даволі шмат увагі. Я яму вельмі ўдзячны. Ён кіраўнік вялікай дзяржавы, дзе сапраўды прынцыпы свабоды, правоў чалавека ляжаць у аснове пабудовы Злучаных Штатаў, і для іх гэта не пустыя словы. Таму, такая падтрымка дорага каштуе”.

Акрамя сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся ў Рызе зь вядомым палітолягам, былым дарадцам амэрыканскага прэзыдэнта ў справе нацыянальнай бясьпекі Зьбігневам Бжэзінскім і расейскім аналітыкам Сяргеям Караганавым. Паводле Мілінкевіча, яму было цікавае стаўленьне гэтых людзей да сытуацыі ў Беларусі, да тых працэсаў, што адбываюцца ў краіне, стаўленьне да гэтага ЗША і Расеі. Лідэр аб’яднаных дэмсілаў гаворыць, што ўсе ягоныя суразмоўцы вельмі заклапочаныя беларускай сытуацыяй:

(Мілінкевіч: ) “Яны перажываюць за Беларусь. Кажуць, што хацелі б, каб Беларусь хутчэй стала адной з раўнапраўных у сям’і эўрапейскіх народаў. Пры тым гэта абсалютна шчыра. Таму, што ўсё ж такі на мапе Эўропы такая краіна, якая не адпавядае сучаснасьці, дыктатарская краіна, засмучае многіх. І ніхто ня хоча мець суседа з такой непрадказальнай палітыкай”.

Сёньня апошні дзень саміту. І пасьля ўдзелу ў шэрагу мерапрыемстваў беларуская дэлегацыя ўдзень, пакідае Рыгу.

Гл. таксама • Джордж Буш сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі
XS
SM
MD
LG