Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы ня хочуць паміраць за Расею


Радыё Свабода Сацыёлягі зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў ўважліва адсочваюць стаўленьне грамадзянаў да расейска-беларускіх дачыненьняў. Нядаўна зьявіліся вынікі апошніх сацыялягічных апытаньняў. Як мяняецца стаўленьне беларусаў да інтэграцыйных працэсаў?

Намесьнік дырэктара Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў кажа:

(Сасноў: ) “За апошні год ёсьць зьніжэньне інтэграцыйных настрояў. І вельмі значны ўплыў зрабіла дзяржаўная прапаганда. Паслухайце, колькі кажуць, што Расея дрэнна ставіцца да Беларусі: яна і цэны на газ хоча ўзьняць, ня хоча набываць беларускі цукар… А Беларусь, са свайго боку, цукеркі расейскія арыштоўвае. Ідзе сапраўдная гандлёвая вайна. Пра вайну, праўда ня кажуць нічога. А вось пра тое, што беларускае кіраўніцтва дрэнна ставіцца да расейскага кіраўніцтва, гэта ведаюць”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, сацыёляг Ігар Катляроў лічыць, што ідзе цалкам нармальны, паступальны працэс стварэньня адзінай саюзнай дзяржавы, і без праблемаў тут не абысьціся.

(Катляроў: ) “Тут маса пытаньняў, якія неабходна вырашаць на ўзроўні прэзыдэнтаў краінаў, міністэрстваў, на ўзроўні чыноўнікаў. На жаль, не заўсёды чыноўнікі ўсё робяць нармальна, будзем так казаць. Я думаю, ніякіх праблем ня будзе, яны будуць вырашаныя на нармальным, цывілізаваным ўзроўні. Проста ня трэба гэта раздзьмуваць да невядома якіх межаў”.

Цікава, як народ прарэагаваў на выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, якое прагучала на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў: “Калі танкі пойдуць адтуль (з Захаду) на Расею, мы будзем паміраць за Расею. І наш народ павінен быць да гэтага гатовы”. Сацыёлягі высьветлілі, што больш за палову апытаных (51,4%) ня згодныя з гэтымі словамі Лукашэнкі. Падтрымала кіраўніка дзяржавы толькі чвэрць апытаных, а 10% сказалі, што ім гэта абыякава. Камэнтар Аляксандра Саснова.

(Сасноў: ) “Народ не зьбіраецца паміраць там за нейкую Расею. Народ наагул ня хоча ніякай вайны. “Хай будзе Лукашэнка, але каб не было вайны”. Таму за Расею народ паміраць ня хоча. Ёсьць няшмат цьвердалобых апалягетаў”.

Што да аб’яднаньня Беларусі і Расеі, пра якое ідзе гаворка ўжо больш за 10 гадоў, то тут, на думку Аляксандра Саснова…

(Сасноў: ) “Усё залежыць ад таго, як будзе пытаньне пастаўлена. Калі гэта пра рэфэрэндум пра аб’яднаньне Беларусі і Расеі – адсоткаў 55, да 60% даходзіць, будуць галасаваць “за”. А вось калі пытацца ў народа рубам: “Ці хочаце вы, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі?” – не, тут застаецца толькі 10 – 15%, ня болей”.
XS
SM
MD
LG