Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч сустракаецца са Зьбігневам Бжэзінскім


Альгерд Невяроўскі, Менск У Рызе праходзіць саміт кіраўнікоў краінаў НАТО. На ім прысутнічаюць лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, палітыкі й праваабаронцы Андрэй Саньнікаў, Ірына Красоўская й Міхаіл Марыніч.

Беларускія госьці сустрэліся з экспэртамі з розных краінаў. У Аляксандра Мілінкевіча на сёньня заплянаваная сустрэча зь вядомым амэрыканскім палітолягам, былым памочнікам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Зьбігневам Бжэзінскім.

Рыская праграма беларускіх гасьцей саміту кіраўнікоў краінаў НАТО вельмі насычаная. Двухбаковыя сустрэчы з эўрапейскімі й паўночнаамэрыканскімі палітолягамі й эканамічнымі экспэртамі, удзел у канфэрэнцыях, выступы й прыёмы. Вось што распавяла Радыё Свабода госьця зь Беларусі, праваабаронца Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) “Мы правялі шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі розных краінаў — з ЗША, Францыі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Эстоніі ды іншых краінаў. Таксама плянуецца сустрэча Зьбігнева Бжэзінскага з Аляксандрам Мілінкевічам. Мы таксама мелі вельмі шмат дыскусіяў і размоваў пра Беларусь і пра дэмакратыю ў Беларусі з прадстаўнікамі Расеі, Украіны й Грузіі. Цяпер мы накіроўваемся ў Рыскі ўнівэрсытэт, дзе адбудзецца прамова прэзыдэнта Буша. Пасьля будзе вялікі канцэрт у тэатры”.

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі сёньня ўдзельнічаў у канфэрэнцыі “Трансфармацыя НАТО ва ўмовах новай эпохі глябалізацыі” ды правёў шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі розных краінаў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Ірына Красоўская адзначае вялкую ступень зацікаўленасьці ўдзельнікаў саміту праблемай Беларусі:

(Красоўская: ) “Сустрэчы важныя. На канфэрэнцыі такога ўзроўню мы маем магчымасьць яшчэ раз узьняць пытаньне Беларусі на такім узроўні”.

(Карэспандэнт: ) “А Беларусьсю цікавяцца?”

(Красоўская: ) “Так, вельмі цікавяцца, і гэтае пытаньне заўсёды стаіць на парадку дня”.

У прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі наперадзе яшчэ шэраг сустрэчаў. Саміт НАТО скончыцца 29 лістапада. На заўтра заплянаваная галоўная сэсія мерапрыемства, у якой возьмуць удзел кіраўнікі 26 дзяржаваў, што ўваходзяць у альянс.
XS
SM
MD
LG