Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне “Свабоды”: ці пагражае СНД распад?


Радыё Свабода Ці ёсьць будучыня ў Судружнасьці незалежных дзяржаваў? Ці пагражае СНД распад? Гэтыя пытаньні карэспандэнтка “Свабоды” задавала людзям на вуліцах Менску, дзе сёньня адываецца саміт кіраўнікоў Судружнасьці.

(Спадар: ) “Менавіта гэты саміт не пагражае развалу самой структуры — СНД. Таму што ўсе кіраўнікі гэтых рэспублік, яны фактычна зьяўляюцца нашчадкамі той былой партыйнай намэнклятуры, яны ўсе ў думках імкнуцца адрадзіць той былы магутны Савецкі Саюз. Ніякага развалу ў бліжэйшы час ня будзе”.

(Юнак: ) “Не ўяўляю, што гэта за структура”.

(Спадар: ) “Няма ніякай будучыні. У любым выпадку, кожная краіна будзе адасабляцца. Так будзе лепей для кожнай краіны”.

(Юнак: ) “Я думаю, няма ніякай пагрозы. А што ім павінна пагражаць? Наадварот, тая палітыка, якую цяпер праводзіць наш прэзыдэнт, вядзе да ўмацаваньня гэтай структуры. Таму, я думаю, усё ідзе цудоўна”.

(Дзяўчына: ) “А чаму павінна нешта пагражаць СНД?”

(Спадарыня: ) “Напэўна, штосьці пагражае. А што дакладна, ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці існуе пагроза існаваньню Судружнасьці незалежных дзяржаваў”

(Спадар: ) “Натуральна. Сёньня гэта ўжо абсалютна штучнае ўтварэньне. Напачатку гэта была, з аднаго боку, цывілізаваная форма разводу. З другога боку, была спроба Масквы ўтрымаць былыя рэспублікі СССР. Цяпер імпэрская Расея дзейнічае па іншым сцэнары. А СНД — гэта проста інэрцыя, проста гаварыльня”.

(Спадарыня: ) “Нешта ёсьць у гэтай структуры, што не дазваляе ёй функцыянаваць, як патрэбна. Можа, мала актыўнасьці з усіх бакоў?”

(Дзяўчына: ) “Я ад гэтага вельмі далёкая, я прыехала з Расеі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць будучыня ў Судружнасьці незалежных дзяржаваў?”

(Спадарыня: ) “Мабыць, ёсьць. Але ж хацелася, каб яны хутчэй усё рабілі. А пятнаццаць гадоў — гэта вельмі шмат, каб усё яшчэ нешта ствараць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не пагражае што-небудзь гэтай структуры?”

(Спадар: ) “Канечне, ёсьць такая пагроза. Але, на мой погляд, цяпер адбываецца працэс збліжэньня тых краінаў, якія распаліся, і наадварот — яны спрабуюць замацавацца і стварыць нейкую агульную дзяржаву. І калі такімі тэмпамі будзе ўсё разьвівацца, народ будзе яднацца, будзе стварэньне адзінай дзяржавы”.

(Юнак: ) “Я думаю, наадварот — усё набліжаецца да развалу. Калі мы возьмем краіны-суседзі — Літву, Латвію, Эстонію, усе яны як бы адгарадзіліся такім бар’ерам. Яны ўваходзяць у іншыя структуры, у СНД яны ніколі й не ўваходзілі. А для нас адзіным партнэрам і надзейным суседам толькі адна Расея на сёньняшні дзень засталася”.
XS
SM
MD
LG