Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літвіненку паказвалі сьпіс патэнцыйных ахвяраў ФСБ


Кастусь Бандарук, Прага Брытанская паліцыя, якая расьсьледуе сьмерць былога супрацоўніка Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Аляксандра Літвіненкі, знайшла сьляды радыяактыўнага рэчыва палонія 210 яшчэ ў двух месцах – у офісе прадпрымальніка Барыса Беразоўскага і офісе ахоўнай кампаніі “Эрыніс”.

Лёнданскі офіс Барыса Беразоўскага атачыла паліцыя, але сам прадпрымальнік адмовіўся камэнтаваць інфармацыю пра радыяактыўнае рэчыва ў сваёй канцылярыі. Паліцыя ўстанавіла, што Аляксандар Літвіненка заходзіў у офісы Беразоўскага і кампаніі “Эрыніс”.

Раней сьляды радыяктынага рэчыва былі выяўлены ў чатырох месцах: у сушы-бары, у гатэлі “Міленюм”, у доме Літвіненкі на поўначы Лёндану і ў шпіталі, дзе ён памёр увечары 23-га лістапада. Перад тым як 1 лістапада Літвіненка адчуў сябе дрэнна, ён сустрэўся ў бары з італьянскім экспэртам у галіне бясьпекі Марыё Скарамэльля, а ў гатэлі – са сваім добрым знаёмым, былым афіцэрам ФСБ Андрэем Лугавым і яшчэ двума расейцамі.

Між тым Марыё Скарамэльлі прыбыў у Лёндан, каб прайсьці радыёмэтрычнае абсьледаваньне. Ён заявіў, што расейскія спэцслужбы і раней спрабавалі забіць яго з дапамогай нэапалітанскай мафіі. Скарамэльлі паведаміў, што ў часе сустрэчы ў лёнданскім бары ён паказаў Літвіненку сьпіс патэнцыйных ахвяраў ФСБ, дзе акрамя іх двух былі прозьвішчы Барыса Беразоўскага ды італьянскага сэнатара Паўлё Гуцанці, які займаўся расьсьледаваньнем дзейнасьці КДБ у Італіі ў гады халоднай вайны.

Перад сваёй сьмерцю сам Літвіненка напісаў ліст, у якім віну за атручэньне ён усклаў на расейскія ўлады і асабіста на прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Крэмль назваў гэтае абвінавачаньне “ абсурдам” ня вартым увагі.

Аднак міністар унутраных справаў Джон Рыд заклікаў устрымацца ад спэкуляцыяў адносна сьмерці Літвіненкі, пакуль адназначна ня выкажацца на гэты конт паліцыя і экспэрты. Мяркуецца, што ў чацьвер мае быць апублікаванае афіцыйная заява пра сьмерць Літвіненкі. Пакуль невядома, як будзе праходзіць анатаміраваньне трупа, паколькі існуе небясьпека для саміх лекараў.

На дадзены момант, брытанская паліцыя клясыфікуе інцыдэнт як “падазроную сьмерць”. Экспэрты не выключаюць, што пасьля грунтоўнага абсьледаваньня цела, клясыфікацыя можа быць зьмененая на “наўмыснае забойства”.

Брытанскія ўлады заклікалі Расею дапамагчы ў расьсьледаваньні таямнічай сьмерці Літвіненкі. Генпракуратура Расеі аджказала, што “яна гатова задзейнічаць увесь арсэнал сваіх магчымасьцяў, каб дапамагачы калегам са Скотлэнд-Ярду.

Брытанскія ўлады ўсталявалі таксама спэцыяльную “гарачую” тэлефонную лінію для тых людзей, хто бываў у месцах, зьвязаных са сьмерцю Літвіненкі і мае падставы хвалявацца за сваё здароў’е.
XS
SM
MD
LG