Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адбылося спатканьне “Культура супраць аўтарытарызму”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Цягам двух дзён пісьменьнікі, журналісты, культуролягі зь Беларусі і Польшчы абменьваліся поглядамі на ролю культуры ў дэмакратызацыі грамадзтва.

У двухдённым спатканьні, што наладзіла Беларускае шуманаўскае таварыства, узялі ўдзел вядомыя польскія дысыдэнты камуністычных часоў, а таксама прадстаўнікі сучаснай беларускай незалежнай культуры – рэжысэр Андрэй Кудзіненка, рэдактар часопісу “Партызан” Артур Клінаў, бард Віктар Шалкевіч ды іншыя.

Ці карысны польскі досьвед з камуністычных часоў цяпер у Беларусі? Гаворыць арганізатар сустрэчы Юрась Ліхтаровіч.

(Ліхтаровіч: ) “Некаторыя лічаць, што польскі вопыт прыдатны для нас, а некаторыя, наадварот, кажуць, што ў нас зусім іншая сытуацыя. Вядома, нельга ніякі вопыт перанесьці ў іншую краіну на 100%. Мы хацелі паказаць беларусам, што і як тут рабілі палякі ў тыя часы”.

Ігар Лялькоў – старшыня Беларускага шуманаўскага таварыства належыць да тых, хто лічыць, што вывучэньне працэсу дэмакратызацыі Польшчы прыдатнае для беларусаў.

(Лялькоў: ) “Канечне, сьвет цяпер іншы, чым быў у 1989 годзе, але частка польскага досьведу вельмі прыдатная для нас. Каштоўныя таксама сувязі з тымі, хто рабіў польскую незалежную культуру да дэмакратычных зьменаў і тымі, хто стварае яе цяпер у Беларусі”.

Між тым, у прэстыжнай навучальнай установе “Калегіюм Цывітас” таксама адбылася канфэрэнцыя прысьвечаная Беларусі, у часе якой беларускія студэнты, што вучацца па праграме імя Кастуся Каліноўскага, а таксама адмыслоўцы ў справах Беларусі, расказвалі польскім студэнтам аб сытуацыі ў краіне.

Гаворыць беларускі студэнт Анатоль.

(Анатоль: ) “Людзі маюць мала інфармацыі. Цікава, калі распавядаюць твае аднагодкі, зь якімі побач сядзіш на лекцыях. Не заўсёды ўсё пішуць у газэтах, таму расказаць пра нешта іншае, пра тое, пра што не пісалася, заўсёды цікава”.

Студэнты – “каліноўцы” маюць намер у бліжэйшы час правесьці шэраг сустрэчаў, прысьвечаных сытуацыі ў Беларусі ў розных ВНУ Польшчы, дзе яны цяпер вучацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG