Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт СНД — на тле эканамічных супярэчнасьцяў Беларусі й Расеі


Ігар Карней, Менск Саміт кіраўнікоў дзяржаваў СНД у Менску адбываецца на тле вострых эканамічных супярэчнасьцяў між асобнымі краінамі. Гэта тычыцца й саюзьнікаў — Расеі й Беларусі. За месяц да канца году так і не падпісаны кантракт на пастаўку прыроднага газу ў Беларусь. Безвынікова завершыліся спробы Масквы й Менску дамовіцца пра падзел прыбыткаў ад экспартных пошлін на нафтапрадукты. Мацнеюць непаразуменьні з пастаўкамі ў Беларусь кандытарскіх вырабаў, а зь Беларусі ў Расею — цукру, прадукцыі вінаробаў ды іншага. Працягвае Ігар Карней

Месяц таму прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў пра магчымасьць абмежаваньняў на пастаўку расейскай нафты ў Беларусь. Паводле экспэртаў, Беларусь штогоду зарабляе 4 мільярды даляраў на розьніцы паміж коштам імпартаванай нафты і ўсясьветным экспартным коштам. Расея настойвае на падзеле пошлін, якія ад продажу нафтапрадуктаў у трэція краіны трапляюць у беларускі бюджэт. Прапанова расейскага боку — дзяліць прыбыткі ў прапорцыі 85% на 15% на карысьць Расеі.

Аднак перамовы, праведзеныя падчас сустрэчы ў Менску кіраўнікоў урадаў СНД, плёну ня мелі. Стала вядома, што расейскія экспэрты вярнуліся ў Маскву дзеля дадатковых кансультацыяў.

Ніхто ня хоча саступаць і ў пытаньні коштаў на прыродны газ. Расейскі канцэрн “Газпром” настойвае на падвышэньні коштаў у чатыры разы; беларускі ўрад заяўляе пра немагчымасьць такіх радыкальных захадаў — але пагадзіўся б з падвышэньнем кошту на 10—15%. Усё часьцей чуюцца заклікі шукаць альтэрнатыўныя шляхі паставак энэрганосьбітаў праз Украіну. Аднак, як лічыць эканаміст Тацяна Манёнак, такія пытаньні патрабуюць часу.

(Манёнак: ) “Гэта добра, што беларускі бок шукае нейкіх альтэрнатыўных магчымасьцяў паставак прыроднага газу. Але я ня думаю, што гэта сур’ёзна тэхнічна вывучана й нейкія грунт мае пад сабой. Рэч у тым, што трэба думаць: а які кошт прыроднага газу можа быць у такім выпадку? Бо для Ўкраіны таксама праблематычна было дамовіцца з Расеяй”.

Тым часам галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка чарговы раз абурыўся: забароненыя для рэалізацыі ў Расейскай Фэдэрацыі малдаўскія і грузінскія віны трапляюць праз трэція краіны як вінаматэрыялы. Паводле Анішчанкі, ёсьць нагода казаць пра “алькагольную змову” краінаў, празь якія ў Расею трапляе забароненая прадукцыя. Чыноўнік заявіў: уся вінная прадукцыя Беларусі на 80% складаецца з малдаўскай сыравіны..

Ня разьвязаны канфлікт паміж вытворцамі кандытарскіх вырабаў Расеі й Беларусі. На паліцах крамаў поўна цукерак, печыва ды іншых слодычаў, вырабленых пад адным брэндам, але ў розных краінах. І расейскія, і беларускія вытворцы заяўляюць, што маюць патэнты на выраб прадукцыі на сваёй тэрыторыі. Аднак трапіць на суседні рынак стала праблематычна. Ад пачатку лістапада на беларуска-расейскай мяжы мытнікі пачалі затрымліваць фуры з кандытарскімі вырабамі расейскай вытворчасьці. Паведамлялася, што асобныя партыі тавару ўжо сканфіскаваныя. Прадстаўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Бехцераў пакінуў факты без тлумачэньняў.

(Бехцераў: ) “Тое, што нібыта сканфіскоўваюцца фуры з грузамі на мяжы, я ні пацьвердзіць не магу, ні абвергнуць інфармацыю”.

Між тым, як лічаць экспэрты, праблемы ў расейскіх кандытараў узьніклі ў адказ на ініцыятыву Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі абмежаваць пастаўкі беларускага цукру.
XS
SM
MD
LG